12 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Наглядальнікі ад КНР прызнаюць выбары Прэзідэнта Беларусі легітымнымі, дэмакратычнымі і празрыстымі. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам кіраўнік місіі наглядальнікаў ад КНР, пасол МЗС КНР Юй Чжэньцы ў інфармацыйным цэнтры ЦВК, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Місія наглядальнікаў ад Кітая лічыць, што выбары адпавядаюць нацыянальным выбарчым законам Беларусі і агульнапрынятым нормам міжнароднага права, з'яўляюцца легітымнымі, дэмакратычнымі, празрыстымі і справядлівымі. Права на палітычнае волевыяўленне шляхам галасавання ў грамадзян Беларусі, якія маюць выбарчае права, у поўнай ступені забяспечана", - заявіў Юй Чжэньцы.
Паводле яго слоў, місія наглядальнікаў ад Кітая, строга выконваючы законы і прававыя нормы Беларусі, прытрымліваючыся прынцыпаў павагі суверэнітэту, аб'ектыўнасці і справядлівасці, сумленна выканала абавязак маніторынгу. У місіі склалася ўражанне, што галасаванне праводзілася паспяхова і спакойна, парушэнняў выяўлена не было. "Выбары шырока асвятляліся беларускімі сродкамі масавай інфармацыі", - падкрэсліў кіраўнік місіі.
Гаворачы аб узроўні правядзення палітычнай кампаніі, Юй Чжэньцы звярнуў увагу, што арганізатары выбараў своечасова апублікавалі інфармацыю кандыдатаў у прэзідэнты і эфектыўна забяспечылі права выбаршчыкаў на інфармаванасць.
Місія наглядальнікаў ад КНР ажыццяўляла маніторынг за ходам падрыхтоўкі і правядзення прэзідэнцкіх выбараў па запрашэнні ЦВК Беларусі з 9 па 12 кастрычніка. Непасрэдна ў асноўны дзень галасавання 11 кастрычніка місія наведала некалькі выбарчых участкаў, назірала за падрыхтоўкай бюлетэняў і выбарчых урнаў, праверкай асобы выбаршчыкаў, выдачай бюлетэняў, галасаваннем.
Місія таксама выказала ўдзячнасць ЦВК, Міністэрству замежных спраў, іншым органам і ведамствам Беларусі за падтрымку і садзейнічанне.