27 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міжпарламенцкую асамблею дзяржаў - удзельніц СНД запрасілі прыняць удзел у міжнародным маніторынгу падрыхтоўкі і правядзення выбараў Прэзідэнта Беларусі, якія адбудуцца 11 кастрычніка, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на афіцыйны сайт МПА СНД.
"Міжпарламенцкая асамблея сфарміруе і накіруе ў Рэспубліку Беларусь групу наглядальнікаў, якая складаецца з дэпутатаў і парламентарыяў дзяржаў - удзельніц МПА СНД, а таксама супрацоўнікаў сакратарыята савета і экспертаў Міжнароднага інстытута маніторынгу развіцця дэмакратыі, парламентарызму і выканання выбарчых правоў грамадзян дзяржаў - удзельніц МПА СНД (МІМРД)", - гаворыцца ў паведамленні.
Плануецца, што наглядальнікі будуць праводзіць электаральны маніторынг не толькі ў Мінску, але і ў рэгіёнах, а таксама на замежных выбарчых участках.
Асамблея традыцыйна прымае ўдзел у маніторынгу як прэзідэнцкіх, так і парламенцкіх выбараў у Беларусі, пачынаючы з выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 14 кастрычніка 2000 года. Група наглядальнікаў ад МПА СНД таксама ўдзельнічала ў маніторынгу папярэдніх выбараў кіраўніка дзяржавы 19 снежня 2010 года.