25 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сумесна распрацаваны ГА "БРСМ" і Беларускім тэлеграфным агенцтвам мабільны дадатак "Выбары-2015" прэзентавалі ў прэс-цэнтры БЕЛТА.
"Галоўная задача дадатку - зрабіць інфармацыю аб выбарах даступнай і зручнай для ўсіх. У гэтым годзе галасаваць будуць тыя, хто нарадзіўся ўжо ў суверэннай Беларусі. Каб адпавядаць патрабаванням моладзі, з'явілася ідэя стварыць гэты дадатак", - сказаў генеральны дырэктар УП "БелТА" Дзмітрый Жук.
Першы сакратар Цэнтральнага камітэта ГА "БРСМ" Андрэй Белякоў дадаў, што для арганізацыі вельмі важна, каб моладзь арыентавалася ў палітычных працэсах. "Мы хочам, каб моладзь ведала аб выбарах калі не ўсё, то вельмі многае", - адзначыў ён.
Распрацоўшчык дадатку Павел Бацылеў звярнуў увагу, што навінка прызначана для карыстальнікаў Android, але ў хуткім часе плануецца распрацаваць версію і для аперацыйнай сістэмы iOS.
Мабільны дадатак "Выбары-2015", прысвечаны выбарам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, - сумесная распрацоўка ГА "БРСМ" і Беларускага тэлеграфнага агенцтва. У дадатку рэалізавана магчымасць паведамлення аб важных навінах, якія датычацца выбарчай кампаніі, змешчана заканадаўчая база па выбарах (Выбарчы кодэкс і іншыя дакументы ЦВК). Карыстальнікі змогуць азнаёміцца з асноўнымі данымі кандыдатаў у прэзідэнты, атрымаць адказы на пытанні па выбарах, што часта задаюцца, даведацца аб выніках галасавання і інш.