1 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Для беларусаў выбары павінны стаць святам, а іншаземцы няхай ацэньваюць, як хочуць. Аб гэтым сёння заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на нарадзе аб бягучай сацыяльна-эканамічнай і палітычнай сітуацыі ў краіне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі з савецкіх часоў прывыклі, што выбары - гэта свята для людзей. Для таго, каб сёлетняя выбарчая кампанія прайшла гэтак жа, ёсць усё, гэта не запатрабуе ніякіх затрат - ні па лініі культуры, ні па лінні гандлю, упэўнены кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт падкрэсліў, што арганізатары выбараў не імкнуцца такім чынам некага задобрыць: "Гэтага рабіць ні ў якім разе нельга. Беларусы не дурні, яны цудоўна разумеюць. Калі мы пачынаем іх залішне задобрываць, у іх з'яўляюцца пытанні - навошта і чаму. Таму не трэба рабіць ніякіх глупстваў. Трэба ісці на выбары так, як ёсць, але ўлічваючы, што гэта экзамен, - проста дашліфаваць усё, падцягнуць і на ўзроўні правесці, каб людзі ішлі на выбары як на свята".
"А ўжо іншаземцы няхай ацэньваюць, як хочуць - гэта іх справа і іх права. У іх гэта па-іншаму, нейкае шоу. Нам шоу арганізоўваць не трэба", - дадаў кіраўнік дзяржавы. Выбары ў краіне будуць праводзіцца па беларускім заканадаўстве, па Канстытуцыі, і ніхто не мае права адступаць ад гэтых законаў, прадоўжыў ён. Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў Беларусі гатовы выслухаць меркаванне Захаду наконт выбарчага права і адкарэкціраваць яго, калі прапановы будуць разумныя і прымальныя, не будуць супярэчыць нацыянальнаму заканадаўству. У гэтым плане беларускі бок ужо нямала зрабіў.
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка чарговы раз паўтарыў сваё патрабаванне - "выбары павінны прайсці адкрыта, у строгай адпаведнасці з беларускім заканадаўствам і захаваннем грамадскага парадку".
"Неабходна выканаць усе ўзятыя намі абавязацельствы, у тым ліку забяспечыць нармальную бесперашкодную дзейнасць і сваіх, і замежных наглядальнікаў", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт заклікаў усіх, хто непасрэдна нясе адказнасць за арганізацыю і правядзенне выбарчай кампаніі, максімальна мабілізавацца, каб яна прайшла бездакорна.