2 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзеючыя прававыя нормы не дазваляюць аднаму кандыдату на пасаду Прэзідэнта Беларусі перадаваць бясплатны эфірны час іншаму кандыдату, заявіў сёння сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Эфірны час не належыць кандыдату ў прэзідэнты, эфірны час належыць Белтэлерадыёкампаніі", - сказаў Мікалай Лазавік. Ён таксама растлумачыў, што ЦВК зацвярджае парадак выкарыстання бясплатнага эфіру для кандыдатаў. У адпаведнай пастанове Цэнтрвыбаркама, прынятай у жніўні 2015 года, гаворыцца, што кандыдат не можа перадаць яго нават сваёй даверанай асобе.
Акрамя таго, нявыкарыстаны раней час не можа быць адноўлены. Таксама ЦВК павінен сачыць за тым, каб ва ўсіх былі аднолькавыя магчымасці, і, калі перадаць Таццяне Караткевіч нявыкарыстаны эфірны час Аляксандра Лукашэнкі, атрымаецца, што ў Сяргея Гайдукевіча і Мікалая Улаховіча такога часу будзе менш.
Акрамя таго, перадаць час нельга і па тэхнічных прычынах. Белтэлерадыёкампанія ўжо звярстала сетку вяшчання на бліжэйшы перыяд. Больш таго, рэкламны час прададзены ўжо.
Па гэтых і іншых прычынах ЦВК адмовіў штабу Таццяны Караткевіч у перадачы эфірнага часу, які не выкарыстаў Аляксандр Лукашэнка.
У прыватнасці, для разгляду пытання аб перадачы эфіру не хапае фармальных падстаў. У ЦВК не паступала адпаведнай афіцыйнай заявы ад Прэзідэнта Беларусі, а публічнае выступленне, з юрыдычнага пункту гледжання, у гэтым выпадку нельга лічыць афіцыйнай заявай.