29 ліпеня, Віцебск /Алёна Ціханава - БЕЛТА/. Фарміраванне ўчастковых выбарчых камісій павінна прайсці гэтак жа галосна, адкрыта і дэмакратычна, як і тэрытарыяльных. Аб гэтым заявіў журналістам сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік, які сёння праводзіць у Віцебску семінар-вучобу з кіруючым складам тэрытарыяльных выбарчых камісій рэгіёна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Хацелася б, каб фарміраванне ўчастковых камісій прайшло адкрыта, ліберальна і дэмакратычна, гэтак жа, як тэрытарыяльных. Наколькі я ведаю, у Віцебскай вобласці пры фарміраванні абласной і раённых камісій на пасяджэннях прысутнічалі прадстаўнікі тых суб'ектаў, якія вылучалі прадстаўнікоў", - сказаў сакратар ЦВК. Ён падкрэсліў, што прадстаўнікам палітычных партый, грамадскіх аб'яднанняў і працоўных калектываў была прадастаўлена магчымасць "сказаць добрыя словы ў адрас сваіх вылучэнцаў".
Гаворачы аб далейшых этапах выбарчай кампаніі, Мікалай Лазавік адзначыў, што ў той час, калі для кандыдатаў пачнецца агітацыйная кампанія, арганізатары выбараў зоймуцца не менш важнай і адказнай работай - абсталяваннем участкаў, складаннем спісаў і "падрыхтоўкай усяго неабходнага, каб выбаршчыкі маглі свабодна выказаць сваё меркаванне ў час галасавання".
У Віцебскай вобласці створана 26 тэрытарыяльных выбарчых камісій па выбарах Прэзідэнта Беларусі. Акрамя абласной, гэта 21 раённая, адна гарадская ў Наваполацку і тры раённыя ў Віцебску.