29 ліпеня, Віцебск /Алёна Ціханава - БЕЛТА/. Зборшчыкі подпісаў павінны мець магчымасць свабодна размаўляць з выбаршчыкамі. Аб гэтым заявіў сёння журналістам сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік, які правёў у Віцебску семінар-вучобу з кіруючым складам тэрытарыяльных выбарчых камісій рэгіёна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Самае галоўнае для тых камісій, якія ўжо сфарміраваны, - стварыць добрыя ўмовы для работы ініцыятыўных груп. Зборшчыкі подпісаў не павінны адчуваць нейкіх абмежаванняў, уціску, яны павінны мець магчымасць свабодна размаўляць з выбаршчыкамі", - падкрэсліў сакратар ЦВК.
Ён таксама адзначыў, што ў далейшым тэрытарыяльным камісіям трэба аб'ектыўна падысці да праверкі подпісаў. "Гэта работа вельмі аб'ёмная, у кожным раёне будзе нямала падпісных лістоў, хацелася б, каб работа прайшла зладжана, арганізавана, у строгай адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам", - сказаў субяседнік.
Мікалай Лазавік падкрэсліў, што ЦВК не кантралюе ход збору подпісаў за прэтэндэнтаў у кандыдаты на пасаду Прэзідэнта. "Інфармацыю мы атрымаем, калі падпісныя лісты стануць паступаць у раённыя выбарчыя камісіі, пакуль яшчэ такіх фактаў у нас няма. Патэнцыяльныя кандыдаты самі кантралююць перадвыбарныя штабы, а тэрытарыяльныя камісіі і ЦВК проста сочаць за выкананнем заканадаўства", - растлумачыў ён.
Сакратар ЦВК падкрэсліў, што дзякуючы таму, што выканаўчыя камітэты разумна падышлі да абмежавання месц па зборы подпісаў, скаргаў у ЦВК не паступае. "Выканкамы не сталі забараняць пікетаванне там, дзе можна не забараняць, і скаргаў няма. Чым больш абмежаванняў - тым больш будзе скаргаў. Цяпер абмежаванняў мала", - канстатаваў Мікалай Лазавік.
У Віцебскай вобласці створана 26 тэрытарыяльных выбарчых камісій па выбарах Прэзідэнта Беларусі. Акрамя абласной, гэта 21 раённая, адна гарадская ў Наваполацку і тры раённыя ў Віцебску.