Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прэзідэнцкія выбары-2015

Прэзідэнцкія выбары-2015 у Беларусі

20 Ліп 2015

Лазавік: Большасць зарэгістраваных ініцыятыўных груп змогуць сабраць 100 тыс. подпісаў выбаршчыкаў

Лазавік: Большасць зарэгістраваных ініцыятыўных груп змогуць сабраць 100 тыс. подпісаў выбаршчыкаў20 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Большасць зарэгістраваных ініцыятыўных груп змогуць сабраць 100 тыс. подпісаў выбаршчыкаў. Аб гэтым сёння заявіў журналістам сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік пасля пасяджэння камісіі перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Я думаю, у большасці з зарэгістраваных ініцыятыўных груп ёсць рэальныя шанцы сабраць неабходныя 100 тыс. подпісаў для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты. Прынамсі, тут ёсць кіраўнікі партый, якія маюць рэальныя структуры, - гэта людзі, якія жывуць у рэгіёнах. Яны маюць магчымасць сабраць неабходную колькасць подпісаў. Ніхто не сумняваецца, што і кіраўнік дзяржавы зможа выканаць гэту задачу", - сказаў Мікалай Лазавік.

Разам з тым сакратар ЦВК адзначыў, што грамадзяне, да якіх будуць звяртацца зборшчыкі подпісаў, павінны звяртаць увагу, ці правільна запоўнены падпісныя лісты. "Кожны зборшчык подпісаў павінен мець пасведчанне, выдадзенае камісіяй, з пячаткай і подпісам яе старшыні. У падпісным лісце ў абавязковым парадку павінна быць пазначана, за каго збіраюцца подпісы. Таксама там павінны быць пазначаны прозвішча, імя і імя па бацьку зборшчыка подпісаў", - растлумачыў ён.

Як паведамлялася, сёння Цэнтральная камісія Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў завяршыла рэгістрацыю ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта. Усяго Цэнтрвыбаркам дапусціў да ўдзелу ў зборы подпісаў 8 ініцыятыўных груп. Сёння зарэгістраваны ініцыятыўныя групы па вылучэнні кандыдатаў: Віктара Цярэшчанкі, Мікалая Улаховіча, Жанны Раманоўскай, Таццяны Караткевіч і Анатоля Лябедзькі. 17 ліпеня ЦВК зарэгістравала ініцыятыўныя групы Аляксандра Лукашэнкі, Сяргея Калякіна і Сяргея Гайдукевіча.

Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў групы могуць пачаць з 23 ліпеня і прадоўжыць па 21 жніўня ўключна. Для таго каб кандыдат быў зарэгістраваны, трэба сабраць не менш як 100 тыс. подпісаў. Пры гэтым канкрэтны грамадзянін Беларусі мае права ставіць подпіс за вылучэнне адразу некалькіх кандыдатаў, але ён не можа падпісвацца два і больш разоў за аднаго прэтэндэнта.

На правым баку падпіснога ліста павінны быць пазначаны без скарачэнняў звесткі аб асобе, якая вылучаецца кандыдатам у Прэзідэнты (прозвішча, імя і імя па бацьку, дата нараджэння, пасада (занятак), месца работы і месца жыхарства, партыйнасць). Таксама там пазначаецца прозвішча, імя і імя па бацьку члена ініцыятыўнай групы, які збірае подпісы. Падпісны ліст запаўняецца на беларускай або рускай мове. Звесткі аб выбаршчыку, прадугледжаныя ў графах 1-5, могуць запаўняцца як самім выбаршчыкам, так і іншымі асобамі, у тым ліку членам ініцыятыўнай групы, які збірае подпісы. Але выбаршчык уласнаручна ставiць у падпісным лісце дату подпісу і распісваецца ў графах 6 і 7. Подпісы выбаршчыкаў нумаруюцца. У падпісным лісце павінны быць подпісы выбаршчыкаў, якія пражываюць на тэрыторыі толькі аднаго горада абласнога падпарадкавання, раёна, а ў гарадах з раённым дзяленнем - аднаго раёна.

Акрамя таго, член ініцыятыўнай групы пры зборы подпісаў павінен мець пасведчанне, выдадзенае Цэнтральнай камісіяй, і дакумент, які засведчвае асобу. Гэтыя дакументы прад'яўляюцца выбаршчыкам. Збор подпісаў можа праводзіцца ў час пікетаў. Дазвол на такі пікет не патрэбны, калі ён арганізуецца ў месцы, не забароненым мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі. Збор подпісаў у ваеннаслужачых, якія знаходзяцца ў воінскіх часцях, ажыццяўляецца па ўзгадненні з камандзірамі воінскіх часцей у пазаслужбовы час у месцы, вызначаным камандзірам часці. Пры зборы подпісаў у выбаршчыкаў, якія пражываюць у інтэрнаце, члены ініцыятыўных груп павінны выконваць правілы ўнутранага распарадку інтэрната, што прадугледжваюць парадак наведвання інтэрната асобамі, якія не пражываюць у ім.

Пры зборы подпісаў забараняецца прымушэнне і ўзнагароджанне выбаршчыкаў за ўнясенне подпісаў. Пад узнагароджаннем разумеецца перадача выбаршчыку грашовых сродкаў, падарункаў, іншых матэрыяльных каштоўнасцей, правядзенне льготнай распрадажы тавараў або бязвыплатнае ці на льготных умовах аказанне паслуг. Не дапускаецца ўдзел адміністрацыі арганізацыі ў зборы подпісаў выбаршчыкаў у рабочы час.

Грамадзяне, якія вылучаюцца кандыдатамі ў прэзідэнты, не маюць права прыцягваць асоб, якія знаходзяцца ў іх у падпарадкаванні або іншай службовай залежнасці, для збору подпісаў выбаршчыкаў у рабочы час. Не дапускаецца правядзенне збору подпісаў у ходзе службовых камандзiровак. Таксама члены ініцыятыўных груп не маюць права пры зборы подпісаў раздаваць выбаршчыкам друкаваныя матэрыялы. Інфармацыйныя матэрыялы з біяграфічнымі данымі асоб, у падтрымку якіх ажыццяўляецца збор подпісаў, могуць прадастаўляцца выбаршчыкам толькі для азнаямлення.

Каардынатары ініцыятыўнай групы павінны здаць падпісныя лісты ў адпаведную, раённую або гарадскую, выбарчую камісію не пазней за 21 жніўня 2015 года.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі