17 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Альянс місій наглядальнікаў прыехаў у Беларусь у якасці сяброў, заявіў сёння журналістам кіраўнік гэтай маніторынгавай групы Генрых Кронер, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Наша задача тут - выявіць, ці праводзяцца выбары належным чынам і справядліва... Мы прыйшлі сюды як сябры, але як крытыкуючыя сябры", - сказаў Генрых Кронер.
Таксама ён прывёў словы пісьменніка Хасэ Артэгі-і-Гасета, што нармальнае развіццё любой дэмакратыі залежыць ад дэталей, у тым ліку ад арганізацыі выбараў.
Альянс місій наглядальнікаў мае намер сустрэцца з кандыдатамі на пасаду Прэзідэнта Беларусі. "Перш за ўсё мы спытаем, ці свабодныя яны ў сваіх перамяшчэннях і выказваннях", - адзначыў Генрых Кронер.
Сёння адбылася сустрэча прадстаўнікоў альянсу ў МЗС, на якой беларускі бок запэўніў наглядальнікаў, што будуць створаны ўсе ўмовы для іх работы. Пры гэтым Генрых Кронер растлумачыў журналістам, што маніторынгавая група прыбыла ў краіну па запрашэнні беларускага боку. Кіраўнік місіі ўдакладніў, што маніторынг альянс будзе праводзіць пры падтрымцы студэнтаў факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ. У тым ліку будзе ажыццяўляцца камп'ютарны аналіз публікацый і сюжэтаў у СМІ.