11 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Заклік не хадзіць на выбары з боку апазіцыйных сіл, якія правялі несанкцыянаваную акцыю ў Мінску 10 верасня, - гэта недальнабачны крок, заявіла сёння журналістам кандыдат на пасаду Прэзідэнта Беларусі Таццяна Караткевіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Гэта вельмі недальнабачны крок для палітыка", - сказала Таццяна Караткевіч. Яна звярнула ўвагу на тое, што ў цэлым дэмакратычныя сілы маюць мала даверу сярод насельніцтва, а такія заклікі не хадзіць на выбары яшчэ больш знізяць узровень даверу.
Акрамя таго, Таццяна Караткевіч крытыкавала кіраўніцтва краіны. У тым ліку, на яе погляд, трэба адмяніць нядаўняе рашэнне па імпартных таварах (пастанова нумар 666). Яна паведаміла, што ўжо накіравала такую прапанову ва ўрад.
Таксама яна прапануе правесці рэформы ў эканоміцы і прамысловасці, стварыць умовы для развіцця бізнесу. Паводле яе слоў, для кожнага прадпрыемства, якое знаходзіцца сёння ў стане крызісу, трэба распрацаваць антыкрызісны план.
Што датычыцца знешняй палітыкі, Караткевіч выступае за развіццё адносін як з Расіяй, так і з Украінай і ЕС. Пры гэтым яна яшчэ раз дала зразумець, што выступае супраць размяшчэння расійскіх ваенных самалётаў у Беларусі. "Мы павінны быць мірнай краінай. У Беларусі не павінна быць ваенных баз і аб'ектаў. Мы ні ў якім разе не павінны быць мішэнню", - сказала кандыдат. Што датычыцца ўжо існуючых расійскіх ваенных аб'ектаў, то яна ў выпадку выбрання на вышэйшую пасаду плануе пачаць перагаворы аб іх закрыцці. "Мы маем намер зрабіць так, каб да 2020 года такіх баз не было. У нас ёсць аргументы, каб весці перагаворы", - заявіла Таццяна Караткевіч.
Што датычыцца Мытнага саюза, то яна лічыць, што пакуль Беларусі не трэба з яго выходзіць, але неабходна выйсці з АДКБ. Пры гэтым яна паабяцала, што яе каманда ў выпадку прыходу да ўлады не будзе разрываць падпісаныя з расійскім бокам у Саюзнай дзяржаве дакументы, што датычацца сацыяльных правоў грамадзян Расіі, якія пастаянна пражываюць у Беларусі.
Кандыдат лічыць, што неабходна таксама рэформа адукацыі. Пры гэтым у праграме кандыдата гаворыцца, што вышэйшая дзяржаўная адукацыя павінна быць бясплатнай. Акрамя таго, Караткевіч звярнулася да прадстаўнікоў усіх партый і грамадскіх рухаў. Яна заклікала далучацца да яе, прыходзіць у яе штаб са сваімі ідэямі.
У сваю чаргу кіраўнік перадвыбарнага штаба Андрэй Дзмітрыеў заявіў журналістам, што асновай агіткампаніі стануць паездкі па краіне. Таксама шмат часу і сіл штаб Таццяны Караткевіч плануе аддаць рабоце ў інтэрнэце.
Прадстаўнік Таццяны Караткевіч у ЦВК Ігар Лялькоў таксама звярнуў увагу, што 10 верасня стала гістарычным днём. "Упершыню ў гісторыі Беларусі жанчына стала кандыдатам у прэзідэнты", - сказаў ён.