23 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. За выбарамі Прэзідэнта будуць назіраць прадстаўнікі аўтарытэтных міжнародных арганізацый і людзі з імем. Аб гэтым кіраўнік Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына заявіла сёння ў праграме "Актуальны мікрафон" на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Адразу магу сказаць: гэта будуць прадстаўнікі вельмі аўтарытэтных міжнародных арганізацый і людзі з імем. Гэта будуць вядомыя міжнародныя чыноўнікі, дзяржаўныя дзеячы, палітыкі іншых дзяржаў, якія ў асноўным будуць запрашацца ў краіну персанальна", - расказала кіраўнік ЦВК.
У цэлым, паводле яе слоў, першая (у пачатку жніўня) плануе пачаць работу місія Выканкама СНД. "Па традыцыі ў нас на выбарах пасведчанне за нумарам адзін мае старшыня Выканаўчага камітэта - выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў", - заўважыла яна. Наступная, бліжэй да канца жніўня, пачне работу місія АБСЕ. "У нас пабывала ўжо ацэначная місія. Пакуль мы не ведаем, хто будзе кіраўніком гэтай місіі, невядомы таксама і яе колькасны склад", - сказала старшыня Цэнтрвыбаркама.
Пры гэтым Лідзія Ярмошына звярнула ўвагу, што ў якасці наглядальнікаў у Беларусі не могуць быць зарэгістраваны нацыянальныя грамадскія арганізацыі іншых дзяржаў. "Усё ж такі міжнародны наглядальнік - гэта прадстаўнік дзяржавы або прадстаўнік міжнароднай арганізацыі, якая мае статус, а не проста назвала сябе такой. Мы не можам прыняць усіх жадаючых", - растлумачыла яна.
"Мы адкрыты (для наглядальнікаў. - Заўвага БЕЛТА), і гэта ацэньваецца добра. У Беларусь едуць з задавальненнем. Значна лепш крытыкаваць дэмакратыю ў краіне, дзе тваёй бяспецы нічога не пагражае. І нават тыя, хто крытыкуе, рэальна пачалі ўсведамляць, што самым вялікім дасягненнем з'яўляецца бяспека і права грамадзян краіны на бяспечнае выказванне ўласнага меркавання, на бяспечнае галасаванне. У Беларусі гэта забяспечваецца ў поўнай меры", - сказала кіраўнік ЦВК.
Яна таксама дадала, што ад міжнароднага назірання (прынамсі, у рэгіёне АБСЕ) не адмаўляецца ніхто. Пры гэтым пазіцыя такіх аўтарытэтных дзяржаў, як ЗША, заключаецца ў наступным: АБСЕ мае права на сваё меркаванне, але гэта меркаванне не абавязкова для выканання на тэрыторыі ЗША. "Што датычыцца Беларусі і Расіі, місія АБСЕ цяпер успрыняла крытыку нашых краін аб тым, што калі вы накіроўваеце наглядальныя місіі, то накіроўвайце паўсюль, таму што атрымліваецца, што крытыкуюць толькі тых, хто прымае ў сябе гэтыя наглядальныя місіі", - рэзюмавала Лідзія Ярмошына.