24 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выбарчае права па даверанасці нікому не перадаецца, паведаміла сёння журналістам кіраўнік Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў Лідзіі Ярмошынай, усяго ў Цэнтральную камісію паступіла 15 зваротаў аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у Прэзідэнты. У рамках каляндарных тэрмінаў паступіла 14 зваротаў, 15-е было пададзена ў дзень пасяджэння ЦВК, 20 ліпеня. У выніку зарэгістравана 8 ініцыятыўных груп, усе яны атрымалі дакументы і цяпер займаюцца зборам подпісаў. Пры гэтым пяць грамадзян з ліку тых, каму адмоўлена ў рэгістрацыі кандыдатамі, звярнуліся ў Вярхоўны суд і абскардзілі адмову ў рэгістрацыі. Практычна па ўсіх заявах прыняты ўжо адпаведныя рашэнні.
Лідзія Ярмошына растлумачыла адмову ў рэгістрацыі адной з ініцыятыўных груп па вылучэнні патэнцыяльнага кандыдата, з якога не была знята судзімасць. У рэгістрацыі ініцыятыўнай групы было адмоўлена яго жонцы, якая з'яўлялася яе кіраўніком. "Падача скаргі не асабіста грамадзянінам спачатку ў ЦВК, а затым у Вярхоўны суд з'яўляецца спачатку падставай для адмовы ў ЦВК, а затым падставай для ўзбуджэння справы ў Вярхоўным судзе. Такі парадак, і яго трэба выконваць", - растлумачыла яна.
"Як вы ведаеце, выбарчае права па даверанасці каму-нібудзь не перадаецца. Выбарчы кодэкс не прадугледжвае такую перадачу", - падкрэсліла яна.