31 ліпеня, Гомель /Юлія Лысенка - БЕЛТА/. У цяперашняй прэзідэнцкай кампаніі актыўна рэалізуецца прынцып галоснасці ў рабоце выбарчых камісій. Такое меркаванне журналістам выказала старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына, якая праводзіць у Гомелі семінар-вучобу з кіруючым складам тэрытарыяльных выбарчых камісій Гомельскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Яна паведаміла, што літаральна ўчора была прааналізавана работа новых інфармацыйных рэсурсаў, створаных для асвятлення важных падзей кампаніі па выбарах Прэзідэнта Беларусі 2015 года. "Магу сказаць, што сайты выканкамаў і мясцовых адміністрацый аператыўна размяшчаюць інфармацыю аб дзейнасці тэрытарыяльных камісій, працуючы ў цеснай узаемасувязі з ідэалагічнымі і аргаддзеламі. Гомельская вобласць у гэтым выпадку не выключэнне. Усё гэта сведчыць аб тым, што мясцовыя ўлады сур'ёзна падышлі да гэтай работы і актыўна рэалізуюць вельмі важны пры правядзенні выбараў прынцып галоснасці", - канстатавала Лідзія Ярмошына.
Таксама Лідзія Ярмошына дала станоўчую ацэнку рабоце СМІ ў перыяд выбарчай кампаніі. "У мяне няма прэтэнзій. Прынамсі, усё праходзіць асцярожна, няма яўнай агітацыі за каго-небудзь з патэнцыяльных прэтэндэнтаў, няма перагібаў. У нас у законе ёсць палажэнне, згодна з якім СМІ павінны падаваць інфармацыю аб'ектыўна, не аддаючы перавагу якой-небудзь з асоб, што балаціруюцца. Спадзяюся, гэтак будзе і ў далейшым", - сказала яна.
Старшыня ЦВК выказала меркаванне, што ў Гомельскай вобласці створаны добрыя ўмовы для правядзення пікетаў па зборы подпісаў і на высокім узроўні арганізавана работа па інфармаванні насельніцтва, што ў далейшым пазітыўна паўплывае на колькасць вылучаных кандыдатаў і на яўку выбаршчыкаў у дзень выбараў.
Сённяшні семінар, які праходзіць у Гомелі, апошні ў Беларусі. "На наступным тыдні плануецца прыняцце важнай пастановы, якая будзе датычыцца перыяду перадвыбарнай агітацыі і прапаганды і распаўсюджвацца, перш за ўсё, на кандыдатаў у прэзідэнты і іх давераных асоб", - падагульніла Лідзія Ярмошына.