17 ліпеня, Мінск /Васіль Малашэнкаў - БЕЛТА/. Старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына прагназуе, што ў выніку будзе зарэгістравана пяць ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты. Аб гэтым кіраўнік ЦВК заявіла сёння журналістам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Сёння на пасяджэнні былі зарэгістраваны тры ініцыятыўныя групы (па вылучэнні Аляксандра Лукашэнкі, Сяргея Калякіна і Сяргея Гайдукевіча). Наступнае пасяджэнне Цэнтрвыбаркама пройдзе 20 ліпеня. Чакаецца, што будзе разгледжана пытанне аб рэгістрацыі ўсіх астатніх груп.
Лідзія Ярмошына не стала ўдакладняць, якія менавіта групы могуць быць зарэгістраваны ў далейшым. Аднак яна адзначыла, што дакументы, пададзеныя па пошце, - гэта падстава для адмовы. Менавіта такім чынам падаў сваю заяўку Сяргей Заблоцкі. "Не прадстаўлены ні даверанасці, ні лісткі з пашпарта, якія пацвярджаюць грамадзянства, пражыванне на тэрыторыі Беларусі і ўзрост", - растлумачыла старшыня ЦВК.
Акрамя таго, не ўсе групы ўтвораны ў неабходным складзе - не менш як 100 чалавек. "Праўда, прэтэндэнты заяўляюць, што сёння данясуць спісы. І гэта магчыма", - сказала Лідзія Ярмошына.
Прыём заявак на рэгістрацыю груп завершыцца 17 ліпеня ў 19.00. Паводле прагнозаў кіраўніка ЦВК, да гэтага часу будуць пададзены яшчэ чатыры пакета дакументаў.