30 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На інфармацыйных плакатах будуць размешчаны толькі аб'ектыўныя даныя ад саміх кандыдатаў у прэзідэнты, заявіла сёння журналістам у Палаце прадстаўнікоў старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На пытанне аб тым, ці атрымаюць кандыдаты магчымасць папярэдне азнаёміцца з тэкстам інфармацыйных плакатаў, Лідзія Ярмошына адказала сцвярджальна. "Калі пажадаюць гэта зрабіць, то атрымаюць такую магчымасць, таму што мы заўсёды, як правіла, агульны інфармацыйны плакат і яго тэкст узгадняем, каб потым не было канфліктаў. Адразу магу сказаць: там не будзе ніякіх асабістых ацэнак, там будуць толькі аб'ектыўныя даныя, прадстаўленыя самімі кандыдатамі", - падкрэсліла Лідзія Ярмошына.
Наконт таго, на якую колькасць кандыдатаў разлічвае ЦВК, Лідзія Ярмошына сказала: "Мы цяпер наогул не вярстаем бюджэт на гэта, паколькі не выдзяляем грошай на перадвыбарную агітацыю. Адзіны расход у нас - колькасць падпісных лістоў для ініцыятыўных груп. Плануем, што іх будзе дзесяць, і кожная атрымае колькасць лістоў, дастатковую для збору 100 тыс. подпісаў. Калі ж іх будзе менш, значыць, астатнія кандыдаты атрымаюць такіх падпісных лістоў больш".