18 жніўня, Мінск /Таццяна Пастушэнка - БЕЛТА/. Доўгатэрміновыя наглядальнікі ад СНД па выніках маніторынгу выбараў Прэзідэнта змогуць прадставіць насычаную справаздачу. Аб гэтым заявіла сёння старшыня Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына на сустрэчы з кіраўніком місіі наглядальнікаў ад СНД на прэзідэнцкіх выбарах, старшынёй Выканаўчага камітэта - выканаўчым сакратаром СНД Сяргеем Лебедзевым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Чакаем, што з 1 верасня пачнуць працаваць доўгатэрміновыя наглядальнікі ад АБСЕ. Але вы працуеце на апярэджанне, таму што пачынаеце раней. Зразумела, ваш вопыт будзе багацейшым, і вы зможаце прадставіць справаздачу больш насычаную з прычыны таго, што часу будзе больш", - заўважыла Лідзія Ярмошына.
У склад місіі СНД увойдзе група наглядальнікаў ад МПА СНД, яе каардынатарам назначаны намеснік старшыні Савета Федэрацыі Юрый Вараб'ёў. Чакаецца, што за выбарамі будуць назіраць місіі ПАСЕ і АБСЕ. У прыватнасці, да 1 верасня ў Беларусі чакаецца прысутнасць амаль 40 доўгатэрміновых наглядальнікаў ад АБСЕ, а кароткатэрміновых наглядальнікаў ад гэтай арганізацыі будзе амаль 400 чалавек. Акрамя таго, пажаданне ўдзельнічаць у маніторынгу выбараў кіраўніка дзяржавы ў Беларусі выказала Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва (ШАС).