24 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дэбаты з удзелам кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта Беларусі павінны праходзіць па парным прынцыпе і з удзелам саміх кандыдатаў, а не давераных асоб. Такое меркаванне выказала старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына ў эфіры тэлеканала АНТ, паведамляе БЕЛТА.
"Калі ўжо і праводзіць, то толькі парамі, як было ў 1994 годзе. Гэта значыць дэбатуюць дзве персоны. Чаму? Таму што прыходзіць, напрыклад, кіраўнік дзяржавы і яшчэ шэсць за спінай. Гэта будзе масавая бойка - ушасцярых на аднаго. Наўрад ці гэта можна назваць дэбатамі наогул", - сказала Лідзія Ярмошына.
Таксама кіраўнік ЦВК лічыць, што магчымасць удзелу не самога кандыдата, а яго даверанай асобы - нікуды не варта. "У пэўным плане гэта з'яўляецца падманам выбаршчыкаў", - сказала яна.