22 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі бок створыць умовы для выканання місіі наглядальнікамі Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (ПА АБСЕ) на прэзідэнцкіх выбарах. Аб гэтым заявіў сёння намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Віктар Гумінскі на сустрэчы з намеснікам старшыні ПА АБСЕ Кентам Харстэдам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Беларускі бок зробіць усё неабходнае, каб у вас не было праблем у выкананні вашай адказнай місіі ў нашай краіне. Упэўнены, што высокі прафесіяналізм і вялікі вопыт работы па назіранні за выбарамі дадуць магчымасць вам паспяхова выканаць гэту місію", - сказаў Віктар Гумінскі.
Акрамя таго, ён адзначыў, што папярэдняя сустрэча з Кентам Харстэдам у сценах беларускага парламента адбылася ў гэтым годзе. "Мне вельмі прыемна, што многія пытанні, якія мы абмяркоўвалі на мінулай сустрэчы, паслядоўна рэалізуюцца", - дадаў ён. Віктар Гумінскі выказаў удзячнасць намесніку ПА АБСЕ, а таксама папрасіў перадаць удзячнасць старшыні Парламенцкай асамблеі за тое, што ПА АБСЕ прыняла прапанову беларускага боку назіраць за выбарамі Прэзідэнта.
Кент Харстэд ужо наведваў Беларусь у якасці намесніка старшыні ПА АБСЕ ў канцы чэрвеня 2015 года. Тады ён праводзіў сустрэчы з кіраўніцтвам парламента, МЗС і Цэнтрвыбаркама. Чакаецца, што місія кароткатэрміновых наглядальнікаў, якую ўзначаліць Харстэд, прыбудзе ў Беларусь 7 кастрычніка.