17 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Для галасавання на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі будзе надрукавана больш як 7 млн бюлетэняў, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.
"Колькасць бюлетэняў ужо вядома - прынята пастанова Цэнтральнай камісіі. Іх колькасць складае 7 млн 285 тыс.", - расказала Лідзія Ярмошына.
Што датычыцца запасных бюлетэняў, старшыня ЦВК растлумачыла, што агульны іх рэзерв складае да 5 працэнтаў і будзе размеркаваны па ўчастках.
Увогуле ў Беларусі і за яе межамі ўтворана больш як 6,1 тыс. участкаў для галасавання (у Брэсцкай вобласці - 939, у Віцебскай - 848, у Гомельскай - 1070, у Гродзенскай - 692, у Мінскай - 1032, у Магілёўскай - 782, у горадзе Мінску - 717). У тым ліку ўчасткі будуць працаваць у санаторыях, прафілакторыях, дамах адпачынку, бальніцах і іншых арганізацыях аховы здароўя, што аказваюць меддапамогу ў стацыянарных умовах, а таксама ў воінскіх часцях. Для грамадзян Беларусі, якія жывуць за межамі краіны, утворана 49 участкаў.
Выбары Прэзідэнта Беларусі назначаны на 11 кастрычніка 2015 года. Прагаласаваць датэрмінова можна будзе з 6 па 10 кастрычніка (з 10.00 да 14.00, з 16.00 да 19.00). У дзень выбараў непасрэдна на ўчастку можна аддаць свой голас за таго ці іншага кандыдата з 8.00 да 20.00. У дзень выбараў па месцы знаходжання выбаршчыка галасаванне таксама будзе арганізавана з 8.00 да 20.00 (але просьба аб арганізацыі такога віду галасавання павінна быць пададзена не пазней за 18.00 11 кастрычніка).
Грамадзяне Беларусі на выбарах могуць прагаласаваць толькі па месцы рэгістрацыі. Па традыцыі кожны выбаршчык атрымлівае бюлетэнь і павінен паставіць які-небудзь знак (крыжык, птушачку і г.д.) у квадраце насупраць прозвішча таго кандыдата, за якога ён аддае свой голас. Запоўнены бюлетэнь неабходна апусціць у апячатаную скрыню.