27 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пры тэрытарыяльных выбарчых камісіях у Беларусі акрэдытаваны 624 наглядальнікі, паведаміла сёння журналістам старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Больш за ўсё наглядальнікаў накіравалі грамадскія аб'яднанні - 494 чалавекі. Першае месца па колькасці заняла Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі (113 чалавек). Другое месца падзяляюць Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі і аб'яднанне "Белая Русь".
У сваю чаргу ад палітычных партый акрэдытаваны 72 чалавекі, сярод якіх больш за ўсё прадстаўнікоў Камуністычнай партыі Беларусі (46).
Што датычыцца міжнародных наглядальнікаў, Лідзія Ярмошына нагадала, што цяпер маніторынгам выбараў у краіне займаюцца дзве місіі - СНД і БДІПЧ АБСЕ.
У прыватнасці, сярод наглядальнікаў, якія ўваходзяць у місію Садружнасці, 23 з'яўляюцца грамадзянамі Беларусі і 15 - грамадзянамі Расіі. Далей ідзе Казахстан - 2 чалавекі, Кыргызстан - 1, Таджыкістан - 1, Туркменістан - 3. "Пры гэтым у місію ад Туркменістана ўваходзіць не толькі пасол, але і два прадстаўнікі Цэнтральнай выбарчай камісіі, якія, у прынцыпе, будуць выступаць у дзвюх якасцях - як госці Цэнтрвыбаркама і як члены місіі СНД", - заўважыла Лідзія Ярмошына.
У той жа час, паводле яе слоў, БДІПЧ АБСЕ прадставіла анкеты на наступных наглядальнікаў: Арменія - 1, Вялікабрытанія - 2, Германія - 3, Галандыя - 2, Грэцыя - 1, Данія - 3, Ірландыя - 1, Італія - 1, Кыргызстан - 1, Літва - 1, Македонія -1, Нарвегія - 2, Польшча - 5, Расія - 8, Сербія - 1, ЗША - 4, Украіна - 1, Фінляндыя - 2, Францыя - 2, Чэхія - 2, Швейцарыя - 1 і Швецыя - 3.
"Хто далучыцца да гэтых наглядальнікаў, стане вядома пазней, паколькі мы будзем атрымліваць анкеты ўжо напярэдадні кароткатэрміновага назірання, гэта значыць напярэдадні выбараў", - растлумачыла старшыня Цэнтрвыбаркама.
Яна таксама дадала, што місія СНД фактычна пачала маніторынг яшчэ да пачатку сваёй афіцыйнай работы ў Беларусі і запытвала ў ЦВК неабходныя матэрыялы. "Прававыя эксперты місіі АБСЕ ўжо сёння прыйшлі у Цэнтральную камісію. Мы капіруем ім усе скаргі, якія паступілі, і адказы на іх. Такім чынам, у прынцыпе, яны адразу ўзялі быка за рогі", - сказала Лідзія Ярмошына.
Як паведамлялася, БДІПЧ АБСЕ 26 жніўня афіцыйна адкрыла місію па назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі. Місію ўзначальвае Жак Фор. Наглядальнікі будуць сачыць за працэсамі рэгістрацыі кандыдатаў і выбаршчыкаў, агітацыйнымі мерапрыемствамі, работай выбарчай адміністрацыі і адпаведных урадавых органаў, выбарчым заканадаўствам і яго прымяненнем, а таксама вырашэннем звязаных з выбарамі скаргаў. Місія будзе праводзіць маніторынг асвятлення кампаніі СМІ. Заява аб папярэдніх высновах і заключэннях будзе апублікавана на наступны дзень пасля выбараў, 12 кастрычніка. Канчатковы даклад будзе апублікаваны прыкладна праз два месяцы. У ім будуць, у тым ліку, рэкамендацыі АБСЕ.