12 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. СМІ ў поўным аб'ёме выканалі місію інфармацыйнага забеспячэння выбарчага працэсу, паведаміла сёння журналістам міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Вынікі галасавання таго красамоўнае пацвярджэнне. Таксама хацела б сказаць, што выбары чарговы раз пацвердзілі, што краіна развіваецца дынамічна і ёсць падтрымка курсу Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі", - сказала Лілія Ананіч.
Міністр інфармацыі звярнула ўвагу, што нацыянальныя сродкі масавай інфармацыі не толькі размясцілі на сваіх рэсурсах праграмы кандыдатаў у прэзідэнты, але і адсачылі да дробязей усе дэталі выбарчай кампаніі. Разам з тым яна адзначыла, што замежныя СМІ і інтэрнэт-рэсурсы, зарэгістраваныя за межамі Беларусі, у многім былі заангажыраваны і вялі іншую палітыку, заклікаючы да байкоту.
"Але выбар народа бясспрэчны. І сёння нам усім трэба павіншаваць Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку з выбраннем на высокую і адказную пасаду", - падкрэсліла яна.