4 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. V Усебеларускі народны сход дасць магчымасць пачуць розныя пункты гледжання аб эканамічным развіцці краіны. Такое меркаванне выказаў карэспандэнту БЕЛТА член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Дзмітрый Шаўцоў.
Парламентарый нагадаў, што ў час Усебеларускага сходу даецца магчымасць выказацца прадстаўнікам розных сфер, прычым, як правіла, выказваецца не асабісты пункт гледжання, а пазіцыя супрацоўнікаў ведамства, спецыялістаў прадпрыемства і г.д. "І што важна, выступленні прадугледжваюць рэакцыю ў адказ, гэта значыць выбудоўваецца дыялог. Гэта дапамагае абмеркаваць праблемныя моманты, намеціць шляхі іх вырашэння, а таксама абазначыць моцныя і слабыя бакі па розных галінах", - лічыць Дзмітрый Шаўцоў.
Паводле яго слоў, асобным блокам Усебеларускага народнага сходу па традыцыі будуць выдзелены асаблівасці эканамічнага развіцця краіны. Акрамя таго, дэпутат лічыць важным асобна спыніцца на ахове здароўя, папулярызацыі здаровага ладу жыцця сярод насельніцтва.
Пяты Усебеларускі народны сход пройдзе ў Мінску 22-23 чэрвеня. На абмеркаванне выносяцца пытанні аб выніках рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2011-2015 гады і аб асноўных палажэннях Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2016-2020 гады. Чакаецца, што ўдзельнікамі мерапрыемства стануць 2,5 тыс. чалавек.