9 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Усебеларускі народны сход стварае надзейную апору для руху краіны наперад. Такое меркаванне карэспандэнту БЕЛТА выказаў член Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Маркевіч.
"У першую чаргу для мяне важна, што на абмеркаванне ўдзельнікаў VI Усебеларускага народнага сходу будуць вынесены асноўныя палажэнні праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на бліжэйшыя пяць гадоў. Гэта сведчыць аб тым, што мы не толькі зрабілі аналіз і вывады з мінулага, але ўпэўнены ў сучасным і, самае галоўнае, у нас ёсць сур'ёзныя планы на будучае. І, вядома, вельмі важна абмеркаваць цяперашнюю грамадска-палітычную сітуацыю, якія тэндэнцыі, погляды ў людзей, прадстаўнікоў розных слаёў грамадства, розных рэгіёнаў, якія ў іх ёсць думкі наконт таго, як нам будаваць сваё жыццё далей", - расказаў Аляксандр Маркевіч.
Парламентарый сярод важных прыярытэтаў наступнай пяцігодкі вылучыў моцныя рэгіёны. "Па-першае, мы рэальна ацэньваем сітуацыю, і ў праграме ўпор зроблены на нашы ўнутраныя магчымасці, унутраныя інвестыцыі. У праграме ставіцца задача запусціць новы эканамічны цыкл з апорай на ўнутраныя рэсурсы - гэта далейшае развіццё электраэнергетыкі і яе інфраструктуры, вытворчасцей. Ставіцца задача далейшага ўмацавання транзітна-лагістычнай прывабнасці Беларусі. Таму вельмі важна, каб тая інфраструктура, якая створана ў прыграніччы, - лагістычныя цэнтры, зоны чакання - эфектыўна працавала і прыносіла нейкі складнік у валавы ўнутраны прадукт, даходы ў мясцовыя бюджэты, - адзначыў ён.- Вядома, хацелася б звярнуць увагу на развіццё ўнутранага турызму. Там таксама шэраг задач ставіцца. У Беларусі вельмі шмат мясцін, куды можна з'ездзіць не толькі для адпачынку, але і ўмацавання гістарычнай памяці, каб паглядзець, якія дасягненні ў нас ёсць. Гэта ўсё вельмі важна, на мой погляд".
Аляксандр Маркевіч падкрэсліў, што Усебеларускі народны сход умацоўвае фундамент беларускай дзяржаўнасці. "Менавіта размова з людзьмі - прадстаўнікамі розных рэгіёнаў вельмі важна на цяперашнім гістарычным этапе для нашай краіны. Гэта стварае надзейную апору для руху наперад, каб упэўнена глядзець у будучае", - сказаў на заканчэнне дэпутат.
VI Усебеларускі народны сход пройдзе 11-12 лютага ў Мінску. На абмеркаванне ўдзельнікаў будуць вынесены асноўныя палажэнні праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021-2025 гады і напрамкі грамадска-палітычнага развіцця краіны. Агульная колькасць удзельнікаў і запрошаных складзе 2,7 тыс. чалавек.