16 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сацыяльная палітыка, яе накіраванасць былі выпрацаваны на I Усебеларускім народным сходзе, які і цяпер застаецца важным інструментам у пошуку аптымальных рашэнняў для паляпшэння жыцця і дабрабыту людзей. Такім меркаваннем сёння падзяліўся з журналістамі загадчык кафедры сацыяльнай палітыкі і ідэалогіі Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, доктар філасофскіх навук, прафесар Віктар Чуяшоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Усебеларускі народны сход займае асаблівае месца ў інструментах рэалізацыі ідэалогіі беларускай дзяржавы і сацыяльнай палітыкі. Наша сацыяльная палітыка з'яўляецца вынікам рашэнняў I Усебеларускага народнага сходу, на якім абмяркоўваліся мадэлі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, крытычна супастаўляліся - і быў зроблены выбар на карысць сацыяльна арыентаванай рынычнай эканомікі. Зразумела, што сёння існуе нямала супярэчнасцей. І пошук аптымальных рашэнняў гэтых праблем - адна з важнейшых задач гэтага вышэйшага форуму. Ён займае асаблівае месца ў нашай палітычнай сістэме", - адзначыў Віктар Чуяшоў.
Ён дадаў, што пасыл "моцная і квітнеючая Беларусь" і іншыя ідэалагічныя арыенціры развіцця нашай краіны, мэты, шляхі і сродкі іх дасягнення таксама выпрацаваны калектыўнай мудрасцю народа.
Сёння ў Акадэміі кіравання праходзіць круглы стол "Актуальныя праблемы сацыяльнай палітыкі і ідэалогіі". Адной з прычын яго правядзення стала 30-годдзе ўстановы, на сустрэчу прыйшлі выпускнікі, спецыялісты ў сферы кіравання і ідэалогіі, сацыяльнай палітыкі, СМІ. Удзельнікі, сярод якіх дырэктар Інстытута дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання, доктар палітычных навук, дацэнт Леанід Мальцаў, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў, доктар гістарычных навук, прафесар Ігар Марзалюк, намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан, кіраўнік прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску, кандыдат сацыялагічных навук Мар'яна Шчоткіна, выпрацоўваюць падыходы ў вырашэнні актуальных задач і праблем, якія ёсць у Беларусі, з тым каб у далейшым выкарыстоўваць гэтыя прапановы на дыялогавых пляцоўках і, магчыма, пры падрыхтоўцы матэрыялаў да Усебеларускага народнага сходу. Абмяркоўваюцца ідэалагічныя аспекты ў сацыяльнай сферы, паколькі, як падкрэсліў Віктар Чуяшоў, "сацыяльная палітыка з'яўляецца важнейшай апорай беларускай дзяржавы, а ўсе дзеючыя праграмы - здабыткам, ад якога мы не можам адмовіцца".