17 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Удзельная вага высокатэхналагічных відаў дзейнасці ў агульным аб'ёме прамысловай вытворчасці Беларусі павялічыцца з 3,2 працэнта ў 2015 годзе да 4-6 працэнтаў у 2020-м. Гэта прадугледжана праектам праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады, якая будзе абмяркоўвацца на пятым Усебеларускім народным сходзе, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Праектам праграмы прадугледжваецца паскоранае фарміраванне высокатэхналагічнага сектара. Стаўка будзе зроблена на індустрыю інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій; атамную і аднаўляльную энергетыку; бія- і нанатэхналогіі; фармацэўтычную прамысловасць; прыборабудаванне і электронную прамысловасць. Паблізу Беларускай АЭС будзе створаны кластар электраёмістых інавацыйных вытворчасцей, ажыццёўлены пераход на электраабаграванне памяшканняў у жыллёвым будаўніцтве.
Плануецца асвоіць новыя тэхналогіі: паглыбленай перапрацоўкі малочнай і мясной сыравіны з выкарыстаннем метадаў біяхімічнай мадыфікацыі; вытворчасці інавацыйных біяўгнаенняў; выпуску новых лекавых сродкаў (проціпухліннага, антыарытмічнага і антымікробнага лячэбнага дзеяння).
Будзе сфарміраваны інавацыйна-прамысловы комплекс у сферы распрацоўкі і вытворчасці складанай медыцынскай тэхнікі, сістэм забеспячэння бяспекі, абсталявання неразбуральнага кантролю і аналітычнага прыборабудавання. У мікраэлектроніцы будзе асвоена вытворчасць матрыц для сістэм апрацоўкі інфармацыі касмічных лятальных апаратаў, паўправадніковых прыбораў магутнай сілавой і высакавольтнай электронікі, высокачастотных мікрасхем і мікрасістэм.
Паскоранае развіццё атрымаюць фатоніка (оптыка, лазерная і цеплавізійная тэхніка, іншая тэхніка двайнога прызначэння), а таксама вытворчасць электрычнага транспарту і аўтакампанентаў да яго. Будзе асвоена вытворчасць новых канструкцыйных матэрыялаў для медыцыны, машынабудавання і будаўніцтва. Плануецца арганізацыя серыйнай вытворчасці беспілотных авіяцыйных комплексаў. Будзе створана сетка нацыянальных даследчых лабараторый (цэнтраў) і інавацыйна-прамысловых аб'яднанняў, арыентаваных на рэалізацыю поўнага інавацыйнага цыкла.
Цэнтралізацыя сродкаў інавацыйных фондаў дасць магчымасць сканцэнтраваць рэсурсы для мэтавага фінансавання праектаў і мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця.
Адной з асноўных задач у праекце праграмы абазначана комплекснае развіццё нацыянальнай інавацыйнай сістэмы. Прадугледжваецца, што інтэнсіўнаму інавацыйнаму развіццю нацыянальнай эканомікі будзе садзейнічаць правядзенне стымулюючай бюджэтна-падатковай, грашова-крэдытнай і інвестыцыйнай палітыкі. Павысіцца роля галіновай і фундаментальнай навукі, будзе забяспечана яе інтэграцыя з вытворчасцю.
Нацыянальная акадэмія навук Беларусі павінна стаць інавацыйна-вытворчай карпарацыяй для фарміравання высокатэхналагічнага сектара на ўласнай даследчай і тэхналагічнай базе. Асаблівая роля ёй належыць у інтэнсіўным развіцці касмічнай дзейнасці, нана- і біяіндустрыі, робататэхнікі.
Развіццё рынку навукова-тэхнічнай прадукцыі будзе забяспечана за кошт спрашчэння ўмоў камерцыялізацыі вынікаў навукова-тэхнічнай дзейнасці, што належаць дзяржаве, гарантаванага забеспячэння аховы, абароны і кіравання аб'ектамі інтэлектуальнай уласнасці на ўнутраным і знешнім рынках.
Інавацыйная інфраструктура ўмацуецца індустрыяльнымі пляцоўкамі для стварэння высокатэхналагічных вытворчасцей. Стымуляванне інавацыйнага прадпрымальніцтва плануецца ажыццявіць за кошт пашырэння грантавай формы фінансавання навуковых і інавацыйных праектаў. Узровень навукаёмістасці ВУП за кошт усіх крыніц фінансавання перавысіць 1 працэнт.