22 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На новым этапе Беларусі неабходна перайсці ад "даганяючай" стратэгіі да "апераджальнай". Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на V Усебеларускім народным сходзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Размова не аб нейкай кардынальнай ломцы і перабудове ўсяго. Падкрэсліваю: патрэбна ўдасканаленне таго шляху, які выбралі і па якім даволі паспяхова прайшлі першыя два этапы аднаўлення і стабілізацыі. На новым этапе нам неабходна перайсці ад "даганяючай" стратэгіі да "апераджальнай", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, у свеце ўсё даўно падзелена - кожны кавалак зямлі, кожны рынак. "Таму, каб асвоіць новыя нішы, нам трэба працаваць напорыста, калі хочаце, агрэсіўна і, галоўнае, рэзультатыўна, максімальна скарачаць затраты, зніжаць сабекошт прадукцыі, эканоміць фінансавыя рэсурсы", - растлумачыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама назваў фактары, што перашкаджаюць руху наперад. Перш за ўсё гэта невысокая прадукцыйнасць працы, якая дасягнула ўзроўню $20 тыс. і не змяняецца тры гады. "Пакінутае нам у спадчыну адставанне ад перадавых краін па эканамічнай эфектыўнасці пакуль захоўваецца. Больш таго, ёсць рызыкі яго нарастання. Таму важнейшая задача ўрада - пераадолець негатыўную тэндэнцыю, прыняўшы комплекс дзейсных мер, аб якіх мы нядаўда дамовіліся", - лічыць ён.
Яшчэ адным фактарам ён назваў нізкую інавацыйную актыўнасць. "Захоўваецца амаль трохкратнае адставанне ад высокаразвітых краін па долі высокіх тэхналогій у прамысловасці. Вынік - мы выпускаем прадукцыю з невысокай дабаўленай вартасцю і нізкай тэхналагічнасцю", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.
Трэці фактар - недастаткова эфектыўная інвестыцыйная стратэгія прадпрыемстваў і цэлых галін. Паводле слоў Прэзідэнта, не ўдалося дабіцца належнага эканамічнага эфекту ад інвестыцыйных праектаў, у тым ліку рэалізаваных з падтрымкай дзяржавы. Ёсць выпадкі, калі дэкларуемыя ў бізнес-планах паказчыкі так і засталіся на паперы. Не было сур'ёзных маркетынгавых і інжынерных даследаванняў на стадыі прапрацоўкі праекта, не ўлічваліся тэндэнцыі развіцця сусветнага рынку. "Збоі пачынаюцца тады, калі спачатку вырабляецца прадукцыя, а толькі потым - пакутлівыя пошукі новых рынкаў збыту", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
"Ураду, усёй вертыкалі ўлады трэба атрымаць урок з гэтага і на наступныя гады выбудоўваць такую стратэгію развіцця, якая дасць магчымасць эфектыўна асвойваць новыя тэхналогіі і метады работы", - даручыў Прэзідэнт.