26 красавіка, Ельскі раён /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Для абмеркавання на Усебеларускім народным сходзе будзе прапанавана рэалістычная праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на маючае адбыцца пяцігоддзе без элементаў манілаўшчыны. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння журналістам, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА.
"Праграма будзе абсалютна рэалістычнай, а не манілаўшчынай. Мы будзем планаваць, зыходзячы з нашых магчымасцей. У тым, што мы можам значна дабавіць, няма ніякіх сумненняў. Залог гэтага - мадэрнізацыя, якую мы правялі", - падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі мадэрнізацыя закранула не толькі такія галіны, як сельская гаспадарка або дрэваапрацоўка, але вялікія сродкі за мінулыя гады ўкладзены ў прамысловасць.
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што з улікам хвалепадобнага развіцця сусветнай эканомікі на змену крызісным з'явам абавязкова прыйдзе рост. "Гэта яшчэ больш узмоцніць нашы магчымасці. Таму што павінны даць аддачу мадэрнізаваныя прадпрыемствы, а іх вялікая колькасць. І мы не спыняемся. Пры ўсіх складанасцях галоўная наша задача - мадэрнізацыя і абнаўленне вытворчасці на інавацыйнай аснове", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт таксама звярнуў увагу, што неабходны больш маштабны падыход у ацэнцы вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі. Гэта не адна, а ўжо некалькі пяцігадовых перыядаў. "Мы больш за ўсё гаворым, што крызіс, але забываем сказаць, што зроблена за гэты час. А зроблена нямала. І, грунтуючыся на гэтым, нам трэба зрабіць значны рывок", - падкрэсліў беларускі лідар.
Адказваючы на існуючае меркаванне, што ад правядзення Усебеларускага народнага сходу варта было б адмовіцца ў складаны час, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "У такі час людзям патрэбны арыенціры. Людзям трэба паказаць, як будзем жыць заўтра. Не баючыся сказаць праўду, што мы нешта не зрабілі, недапрацавалі".
"Праграму мы робім рэалістычную. Яна для таго і робіцца, каб быць рэалістычнай і паказаць шляхі выхаду з існуючага становішча і напрамкі руху наперад", - рэзюмаваў Прэзідэнт.