28 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 28 снежня падпісаў указ нумар 492 аб скліканні VI Усебеларускага народнага сходу. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
У адпаведнасці з арт. 37 Канстытуцыі Беларусі і ў мэтах рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян удзельнічаць у абмеркаванні пытанняў дзяржаўнага і грамадскага жыцця краіны Прэзідэнт пастанавіў склікаць 11-12 лютага 2021 года ў Мінску VI Усебеларускі народны сход. На абмеркаванне яго ўдзельнікаў будуць вынесены асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021-2025 гады і напрамкі грамадска-палітычнага развіцця краіны.
Агульная колькасць удзельнікаў і запрошаных асоб VI Усебеларускага народнага сходу складзе 2 700 чалавек. Удзельнікі форуму ад абласцей і Мінска выбіраюцца з улікам норм прадстаўніцтва раённымі і гарадскімі Саветамі дэпутатаў і найбольш шматлікімі грамадскімі аб'яднаннямі. Пры гэтым ад кожнай вобласці ў сходзе прыме ўдзел не больш як 310 чалавек, ад Мінска - не больш як 370 грамадзян.
Пералік запрошаных асоб фарміруецца Рэспубліканскім арганізацыйным камітэтам па падрыхтоўцы і правядзенні VI Усебеларускага народнага сходу з ліку кіраўнікоў дзяржаўных органаў і арганізацый, прадстаўнікоў мясцовых Саветаў дэпутатаў, грамадскіх аб'яднанняў, сродкаў масавай інфармацыі, супрацоўнікаў дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў замежных дзяржаў у Беларусі, прадстаўнікоў беларускіх дыяспар, міжнародных і замежных арганізацый у рэспубліцы.