11 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь перажывае вельмі сур'ёзны і пераломны перыяд у жыцці краіны і народа. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння, выступаючы з дакладам на VI Усебеларускім народным сходзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы перажываем вельмі сур'ёзны і пераломны перыяд у жыцці не толькі нашай дзяржавы, але і ўсяго беларускага народа. Такіх момантаў у гісторыі нашай краіны было няшмат, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Сучасны перыяд можна параўнаць з развалам Савецкага Саюза і яго наступствамі, з першым Усебеларускім народным сходам - гэта бліжэй. Розніца толькі ў тым, што тады была поўная безнадзейнасць. Не было краіны, не было наогул нічога. Пераломны момант, хаос у розумах людзей".
Прэзідэнт адзначыў, што вельмі многія, і ён у тым ліку, добра памятаюць той перыяд. Прыкладна такі час краіна перажывае і цяпер, асаблівасць - Беларусь зведала жорсткую знешнюю атаку.
"Яны зрабілі правільна, выбудоўваючы сваю стратэгію. Паспрабаваць свае метады і методыкі ўжо не на прыкладзе разбуранай краіны, якая пала, дзе ў галовах поўны раздрай, а на маналітнай і, здавалася б, нармальнай рэспубліцы, для іх было вельмі важна. Атрымаецца - значыць, можна дзейнічаць далей. Гэта былі для іх пэўныя выпрабаванні іх зброі, гэта быў трамплін для нападзення на Расію", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Уплыў на гэтыя працэсы аказала і пандэмія. "Нібыта нехта прыдумаў гэты сур'ёзны фон для разборак і, як у нас прынята казаць, каляровых рэвалюцый", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.