25 красавіка, Мінск /Святлана Саўко - БЕЛТА/. Мэтай бягучай пяцігодкі будзе паляпшэнне якасці жыцця беларусаў. Аб гэтым 23 красавіка журналістам заявіў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандр Косінец, адказваючы на пытанне аб магчымых задачах, якія будуць пастаўлены на V Усебеларускім народным сходзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Косінец падкрэсліў: "Мэтай 2016-2020 гадоў перш за ўсё будзе паляпшэнне якасці жыцця людзей нашай краіны, павелічэнне дабрабыту, стварэнне ўсіх неабходных умоў для фарміравання чалавечага капіталу, далейшае развіццё адукацыі, аховы здароўя, стварэнне рабочых месц".
Наконт перспектыў развіцця прамысловасці, АПК Аляксандр Косінец адзначыў, што яны будуць арыентаваны на нарошчванне экспарту. "Мы будзем рабіць усё неабходнае, каб быць, перш за ўсё, канкурэнтаздольнымі ў СГА, забяспечыць значнае паступленне нашай якаснай прадукцыі на знешнія рынкі", - сказаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.
Зацверджаны арганізацыйны камітэт, які займаецца падрыхтоўкай да V Усебеларускага народнага сходу. Падводзіць пасля заканчэння кожнай пяцігодкі вынікі стала ўжо добрай традыцыяй. На Усебеларускіх народных сходах ставяцца канкрэтныя мэты і задачы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта канстатаваў, што ў Беларусі вельмі шмат зроблена за папярэднюю пяцігодку: мадэрнізавана прамысловасць, АПК, пабудавана больш як 25 млн кв.м жылля. Па апошнім паказчыку Беларусь, безумоўна, лідар сярод краін СНД, звярнуў увагу Аляксандр Косінец. Акрамя таго, шмат зроблена для развіцця транспарту, гандлю, сацыяльнай сферы, адукацыі, аховы здароўя і культуры. "Пабудавана значная колькасць аб'ектаў - і ўсё гэта робіцца для таго, каб у нас была сапраўды моцная, квітнеючая дзяржава", - дадаў ён.