3 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына чакае ад Усебеларускага народнага сходу выпрацоўкі рашэнняў, якія будуць садзейнічаць працвітанню Беларусі. Аб гэтым яна заявіла сёння журналістам, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА.
Як адзначыла кіраўнік ЦВК, правядзенне Усебеларускага народнага сходу стала ўжо традыцыяй. "З 1996 года праходзяць сходы, паколькі іншай формы, калі можна раіцца непасрэдна з народам, сучаснае грамадства не прыдумала. Зразумела, існуе рэферэндум, але мы ведаем, што гэта, па-першае, дарагое мерапрыемства, а па-другое, там немагчыма пачуць ужывую голас асобнага грамадзяніна, - сказала яна. - Менавіта моладзь будзе будаваць нашу краіну і накіроўваць яе наперад, да новых здзяйсненняў на бліжэйшыя гады. Думаю, моладзь, удзельнічаючы ў такім дзяржаўным мерапрыемстве, можа не толькі даць парады, але і навучыцца кіраваць краінай".
Старшыня Цэнтрвыбаркама сёння ўдзельнічае ў новым праекце БРСМ "Дыялог пакаленняў "Кветкі Вялікай Перамогі", які стартаваў у мінскім парку Перамогі. Удзел у мерапрыемстве прымаюць дэлегаты
V Усебеларускага народнага сходу ад моладзі з усіх рэгіёнаў Беларусі, ад ветэранаў вайны і працы, парламентарыяў, прадстаўнікоў навукі, палітыкі, бізнесу, спорту, культуры і гэтак далей. Удзельнікі абмяркоўваюць праблемы і пытанні, якія датычацца маладзёжнай тэматыкі, прапануюць эфектыўныя шляхі іх вырашэння. Чакаецца, што па выніку будуць выпрацаваны канкрэтныя прапановы для абмеркавання на Усебеларускім народным сходзе.