17 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Доля суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў агульным аб'ёме валавой дабаўленай вартасці да 2020 года дасягне 40 працэнтаў. Гэта прадугледжана праектам праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады, якая будзе абмяркоўвацца на пятым Усебеларускім народным сходзе, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Праграмай прадугледжана разняволенне дзелавой ініцыятывы. "Беларусь - краіна роўных магчымасцей. Роля дзяржавы будзе заключацца ў стварэнні спрыяльных умоў для ініцыятывы і вядзення бізнесу як у дзяржаўным, так і прыватным сектары. Любы ініцыятыўны чалавек незалежна ад узроўню адукацыі або наяўнасці спецыяльных эканамічных ведаў зможа пачаць сваю справу ў Беларусі або знайсці работу даспадобы", - напісана ў дакуменце.
Дзяржава забяспечыць абарону і недатыкальнасць правоў прыватнай уласнасці, зніме абмежавальныя бар'еры, лібералізуе кантрольную дзейнасць. Для гэтага прадугледжваецца пашырэнне форм дзяржаўнай падтрымкі суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва; павышэнне эфектыўнасці бюджэтна-падатковай і грашова-крэдытнай палітыкі; увядзенне адміністрацыйнай (а пры паўторным учыненні - крымінальнай) адказнасці за ўмяшанне службовых асоб праваахоўных (кантралюючых, наглядных) органаў у законную дзейнасць суб'ектаў гаспадарання; істотнае зніжэнне фінансавых санкцый за нязначныя парушэнні; радыкальнае спрашчэнне і скарачэнне колькасці відаў і форм справаздачнасці; укараненне сістэмы ацэнкі наступстваў прыняцця нарматыўных прававых актаў у сферы прадпрымальніцкай дзейнасці; скарачэнне колькасці ліцэнзуемых відаў дзейнасці; увядзенне інстытута падатковых кансультантаў у мэтах якаснага прадастаўлення адпаведных паслуг.
Таксама ў праграме закладзена прыняцце стымулюючых мер для хуткага адкрыцця сваёй справы. Так, новаствараемыя на тэрыторыі сельскай мясцовасці і гарадоў (за выключэннем Мінска і абласных цэнтраў) прадпрыемствы будуць вызвалены на працягу двух гадоў ад падатку на прыбытак і падатку на нерухомую маёмасць. Дзяржава ў рамках адпаведнай праграмы падтрымае пашырэнне інавацыйнай інфраструктуры малога і сярэдняга бізнесу ў рэгіёнах рэспублікі (тэхнапаркі, венчурныя арганізацыі, цэнтры падтрымкі, інкубатары малога прадпрымальніцтва).
Акрамя таго, прадугледжваецца сфарміраваць пакет базавых паслуг, якія будуць прадастаўляцца бізнесу на бязвыплатнай аснове; забяспечыць ажыццяўленне адміністрацыйных працэдур у электронным выглядзе, пачынаючы ад падачы заявак і заканчваючы атрыманнем вынікаў у выглядзе электроннага дакумента. Плануецца спрасціць перадачу невыкарыстоўваемых аб'ектаў нерухомай маёмасці, якія знаходзяцца ва ўласнасці дзяржавы, для стварэння вытворчага бізнесу і рабочых месц.
Інструменты эканамічнага рэгулявання будуць накіраваны на падтрыманне добрасумленнай канкурэнцыі і процідзеянне манапалізму. Прамое рэгуляванне цэн і тарыфаў будзе захавана толькі на паслугі, што аказваюцца прадпрыемствамі, якія займаюць дамінуючае становішча на таварных рынках, і натуральнымі манаполіямі, а таксама на асобныя групы тавараў (у прыватнасці, паліва, электра- і цеплаэнергію). Для эфектыўнага забеспячэння роўных канкурэнтных умоў гаспадарання на базе Міністэрства гандлю ствараецца антыманапольны орган.
Рэалізацыя намечаных мер дасць магчымасць сфарміраваць паўнацэннае канкурэнтнае асяроддзе, устанавіць адзіныя правілы вядзення бізнесу. Вынікам вырашэння пастаўленых задач стане рост долі суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў агульным аб'ёме валавой дабаўленай вартасці з 28,7 працэнта ў 2014 годзе да 40 працэнтаў у 2020-м.