18 мая, Круглае /Вольга Емяльянава - БЕЛТА/. Усебеларускі сход - гэта адкрыты і даверны дыялог кіраўніцтва краіны з народам. Такое меркаванне выказаў карэспандэнту БЕЛТА заслужаны будаўнік Беларусі начальнік Круглянскай ПМК-266 Магілёўскай вобласці дэлегат V Усебеларускага сходу Мікалай Патрончык.
"Народнае веча дае магчымасць грамадзянам рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права, удзельнічаць у абмеркаванні пытанняў дзяржаўнага і грамадскага жыцця, - адзначыў ён. - І ўсе мы ганарымся тым, што толькі ў адной дзяржаве постсавецкай прасторы кіраўніцтва ідзе на такі адкрыты і даверны дыялог з народам, не ўтойваючы ўзнікаючыя складанасці і праблемы".
Гаворачы аб выніках мінулай пяцігодкі, Мікалай Патрончык заўважыў, што яе з поўным правам можна аднесці да ліку найбольш рэзультатыўных і плённых для круглянскіх будаўнікоў. Асноўнай працоўнай пляцоўкай стаў Шклоўскі раён, дзе дзякуючы ПМК з'явіліся сучасныя жывёлагадоўчыя комплексы, птушкафабрыкі, спартыўныя збудаванні, дзясяткі тысяч квадратных метраў жылой плошчы. Спецыялісты калоны рэканструявалі прадпрыемства ААТ "Бабуліна крынка" ў Бабруйску, узводзілі дамы ў Магілёве. Добра папрацавалі на будаўніцтве і рэканструкцыі аб'ектаў вытворчага і сацыяльна-культурнага прызначэння ў Кіраўскім раёне, які прымаў першы абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі "Дажынкі", у суседнім Талачынскім раёне Віцебскай вобласці. Ператварылі родны райцэнтр у горад з еўрапейскай якасцю жыцця.
На думку Мікалая Патрончыка, быць дэлегатам на такім прадстаўнічым форуме, як Усебеларускі народны сход, - вялікі гонар, але разам з тым і вялікая адказнасць перад насельніцтвам рэгіёна, якое аказала такі высокі давер. Ён выказаў упэўненасць, што ў Мінску адбудзецца дзелавая і прадметная размова ўлады з народам, будуць вызначаны канкрэтныя шляхі вырашэння пытанняў, якіх назбіралася нямала.
"Для мяне як кіраўніка вядучага будаўнічага прадпрыемства раёна адна з найбольш хвалюючых тэм - стан будаўнічай галіны. Мабыць, яна як ніякая іншая востра рэагуе на любыя змяненні ў эканоміцы, - падкрэсліў Мікалай Патрончык. - Сёння існуюць пэўныя праблемы з заказамі, немалымі сумамі вымяраецца запазычанасць за ўжо выкананыя будаўніча-мантажныя работы. Спадзяюся, што грунтоўная размова і рашэнні, якія будуць прыняты на V Усебеларускім народным сходзе, пасадзейнічаюць пераадоленню крызісных з'яў не толькі ў будаўнічай індустрыі, але і ў іншых галінах народнай гаспадаркі".
18 мая ў Круглым адбыўся раённы сход па вылучэнні кандыдатур і выбранні ўдзельнікаў V Усебеларускага народнага сходу. Ад рэгіёна на мерапрыемства паедуць прадстаўнікі выканаўчай улады, будаўнічай і сельскагаспадарчай галіны, сферы адукацыі - усяго пяць чалавек.
У цэлым Магілёўская вобласць павінна дэлегаваць на форум 350 удзельнікаў. У раёнах актыўна праходзяць галасаванні за самых дастойных. У красавіку - пачатку мая на прадпрыемствах, у грамадскіх арганізацыях прайшло больш як 1,5 тыс. сходаў. Іх удзельнікі, а гэта звыш 150 тыс. чалавек, выбралі амаль 8 тыс. упаўнаважаных.