11 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нашай краіне жыццёва неабходны сучасныя Коласы, Купалы, Шагалы, Пташукі - дзяржава гатова падтрымаць таленты, якія стануць светачамі і захавальнікамі культурнага кода беларусаў. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння, выступаючы з дакладам на VI Усебеларускім народным сходзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Беларускі лідар папярэдзіў аб існуючай рызыцы "страціць ідэнтычнасць, упусціўшы ў сваё жыццё не ўласцівыя нашаму менталітэту мадэлі". Новыя пакаленні беларусаў павінны помніць і ведаць свае духоўныя і культурныя вытокі.
"Свае стандарты паводзін, маральныя прынцыпы з пакалення ў пакаленне мы чэрпалі з творчасці вялікіх пісьменнікаў, рэжысёраў, архітэктараў. Тых, хто для сваіх пакаленняў, гаворачы сучаснай мовай, былі лідарамі меркаванняў. І задача - зрабіць так, каб нашы дзеці і ўнукі сталі захавальнікамі культурнага кода нацыі. Нам жыццёва неабходны сучасныя Коласы, Купалы, Караткевічы, Шагалы, Пташукі. Не проста куміры і светачы. Дзяржава чакае і гатова ўсякім чынам падтрымаць такія таленты", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Трэба будзе сур'ёзна ўкласціся ў захаванне гісторыка-культурнай спадчыны. Неабходна завяршыць стварэнне музейнага квартала Нацыянальнага мастацкага музея ў Мінску. "І ў бліжэйшы час - рэканструкцыю і рэстаўрацыю Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку, палацава-паркавага ансамбля ў вёсцы Жылічы Магілёўскай вобласці, Крэўскага замка ў Гродзенскай вобласці і іншых жамчужын, якія вартыя таго, каб пра іх ведалі ва ўсім свеце", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.