1 ліпеня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Вянок ад пасольства Беларусі ў Расіі ўскладзены сёння да Магілы невядомага салдата ў Маскве. Урачыстая цырымонія была прысвечана 71-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Дню Незалежнасці Беларусі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе дыппрадстаўніцтва.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Расіі Ігар Петрышэнка, віцэ-спікер Савета Федэрацыі Юрый Вараб'ёў, першы намеснік кіраўніка фракцыі партыі "Адзіная Расія" ў Дзярждуме Франц Клінцэвіч, дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота, генеральны сакратар АДКБ Мікалай Бардзюжа, члены Калегіі (міністры) Еўразійскай эканамічнай камісіі Уладзімір Гошын і Валерый Карашкоў, адказны сакратар Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі Сяргей Стрэльчанка, спецпрадстаўнік Прэзідэнта РФ па міжнародным супрацоўніцтве ў Арктыцы і Антарктыцы Артур Чылінгараў, двойчы Герой Савецкага Саюза, лётчык-касманаўт Пётр Клімук, прадстаўнікі МЗС Расіі, Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, беларускай дыяспары і пасольства Беларусі ў Расіі.
Удзельнікі цырымоніі ўсклалі таксама кветкі да памятных знакаў "Горад-герой Мінск" і "Брэсцкая крэпасць-герой" у Аляксандраўскім садзе. Ваенны ўзорны аркестр Ганаровай варты выканаў Дзяржаўны гімн Беларусі. Перад удзельнікамі мерапрыемства ўрачыстым маршам прайшла рота Ганаровай варты Праабражэнскага палка.
"3 ліпеня - памятная для нас дата, у гэты ўрачысты дзень мы заўсёды збіраемся, каб аддаць даніну памяці тым воінам, якія вызвалялі нашу радзіму ад фашысцкіх захопнікаў, - сказаў пасля цырымоніі журналістам Ігар Петрышэнка. - Свята сёння з намі адзначаюць і нашы добрыя сябры ў Расіі. Прыемна, што яны заўсёды жадаюць Беларусі пазітыўнага развіцця і ўмацавання разам з імі інтэграцыйнага ўзаемадзеяння, як у нашым ключавым праекце Саюзнай дзяржавы, так і ў Еўразійскім эканамічным саюзе і Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы".