23 чэрвеня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. У Беларусі свята шануюць і заўсёды будуць помніць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 22 чэрвеня на мітынгу-рэквіеме "Вароты памяці", прысвечаным адкрыццю мемарыяльнага комплексу "Трасцянец", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
"22 чэрвеня 1941 года - трагічная дата для нашага народа, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Пачатак Вялікай Айчыннай вайны мы адзначаем як Дзень усенароднай памяці і смутку. Сёння мы сабраліся на адкрыццё гэтага велічнага манумента, узведзенага ў памяць аб людзях, якія прынялі пакутніцкую смерць ад рук фашысцкіх катаў".
Прэзідэнт нагадаў, што менавіта тут, у наваколлі беларускай вёсачкі Малы Трасцянец, дзейнічаў самы буйны на акупіраванай тэрыторыі Савецкага Саюза канцэнтрацыйны лагер. Тут абарвалася жыццё больш як 200 тыс. чалавек. Сярод іх былі не толькі ваеннапалонныя, партызаны, але і мірныя жыхары - старыя, жанчыны, дзеці.
"Сэрца сціскаецца ад болю, калі ўяўляеш размах зверстваў і злачынстваў нацыстаў супраць чалавечнасці, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Цэлымі эшалонамі сюды звозілі людзей розных нацыянальнасцей і веравызнанняў. Не толькі нашых суайчыннікаў, але і жыхароў іншых еўрапейскіх дзяржаў - Польшчы, Германіі, Аўстрыі, Чэхаславакіі. Працаваў страшны канвеер смерці. Ва ўрочышчы Благаўшчына адбываліся масавыя расстрэлы, ва ўрочышчы Шашкоўка ажыццяўлялася спаленне цел".
Восенню 1943 года, прадчуваючы зыход вайны, фашысты пачалі знішчаць сляды сваіх злачынстваў. Яны выкопвалі астанкі загінулых і спальвалі іх на драўляных стэлажах. Толькі за тры дні да вызвалення Мінска тут былі расстраляны, а потым спалены 6,5 тыс. вязняў.
"Зямля, на якой мы стаім, шчодра паліта слязамі і кроўю соцень тысяч невінаватых людзей. У ёй да гэтага часу знаходзіцца іх прах", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.
Ён прапанаваў ушанаваць памяць усіх ахвяр, якія прынялі пакутніцкую смерць на гэтай зямлі, мінутай маўчання.
"Ёсць раны, якія не лечыць час. Незлічоныя ахвяры Вялікай Айчыннай вайны - адна з такіх незагойных ран, - лічыць Аляксандр Лукашэнка. - Гады фашысцкай акупацыі пакінулі глыбокі след на нашай зямлі. Спаленыя вёскі і разбураныя гарады, бесчалавечныя "фабрыкі смерці" - усё гэта было нацэлена на знішчэнне нашага народа. Ад Беларусі практычна не засталося і следу. Нельга забываць, што на тэрыторыі краіны было амаль 250 лагераў савецкіх ваеннапалонных, 350 месц зняволення грамадзянскага насельніцтва, 186 яўрэйскіх гета".
Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў: "Мы свята шануем і будзем помніць ахвяр той вайны. Таму ўзвядзенне мемарыяла ў Трасцянцы з'яўляецца для беларусаў справай гонару".