25 чэрвеня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Памяць аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны абавязвае нас не забываць урокі гісторыі. Гэта падкрэсліў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прымаючы даверчыя граматы паслоў замежных дзяржаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Наша сустрэча праходзіць напярэдадні нацыянальнага свята - Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - У жыцці кожнага народа ёсць лёсавызначальныя даты, якія становяцца пунктам адліку новага этапу гісторыі. Для нас такой вяхой стала вызваленне беларускай зямлі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, якія асудзілі наш народ на поўнае знішчэнне".
Адстаяўшы ў жорсткіх баях права на жыццё і страціўшы трэць свайго насельніцтва, краіна адрадзілася і стала мацнейшай. "Памяць аб гераічным подзвігу беларускага народа абавязвае нас не забываць урокі гісторыі, беражліва ставіцца да спадчыны папярэдніх пакаленняў, праводзіць міралюбівую палітыку і пастаянна клапаціцца пра бяспеку і ўстойлівае развіццё нашай маладой суверэннай дзяржавы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў важнасць таго, што дыпламаты пачынаюць працаваць у вельмі важны і дынамічны перыяд часу, калі Беларусь выходзіць на новы ўзровень інтэграцыйных працэсаў.