5 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш як 100 калекцый з розных краін будуць прадстаўлены на VIII Нацыянальнай філатэлістычнай выстаўцы "Белфіла-2015", паведамілі БЕЛТА ў Міністэрстве сувязі і інфарматызацыі Беларусі.
"VIII Нацыянальная філатэлістычная выстаўка "Белфіла-2015" прысвечана 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Яна будзе праходзіць з 6 па 15 мая ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. У час яе будуць прадстаўлены больш як 100 калекцый з Азербайджана, Беларусі, Германіі, Казахстана, Літвы, Польшчы, Расіі і Украіны", - растлумачылі ў Мінсувязі.
Тэма Вялікай Айчыннай вайны будзе прадстаўлена на 30 беларускіх паштовых мініяцюрах. Акрамя таго, да святкавання 70-годдзя Перамогі выраблена разнапланавая паштовая прадукцыя, сярод якой восем мастацкіх маркіраваных канвертаў серыі "Героі Савецкага Саюза", мастацкі маркіраваны канверт "70 гадоў Перамогі. 9 Мая. Дзякуй за Перамогу!", шэсць спецыяльных паштовых штэмпеляў, гашэнне якіх адбудзецца 9 мая 2015 года. Да адкрыцця выстаўкі прымеркаваны выпуск маркіраванага канверта. У дні яе работы ў аддзяленні паштовай сувязі нумар 1 Мінска (магазін "Філатэлія", вул. Маскоўская, 16) будзе праводзіцца спецыяльнае памятнае гашэнне "VIII Нацыянальная філатэлістычная выстаўка "Белфіла-2015".
"Задача выстаўкі - патрыятычнае выхаванне моладзі на гераічных прыкладах нашай слаўнай гісторыі, а таксама прыцягненне ўвагі грамадскасці да пытанняў развіцця філатэліі ў краіне. Даволі шырокі ўдзел у выстаўцы дзяцей і моладзі - у юнацкім класе прадстаўлена каля 20 калекцый", - растлумачылі ў ведамстве.
Арганізатары мерапрыемства - Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі, РУП "Белпошта", Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, ГА "Беларускі саюз філатэлістаў".