28 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Парадны разлік у колькасці 75 чалавек ад 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння прыме ўдзел у ваенным парадзе ў Маскве 9 мая. Аб гэтым заявіў сёння прэс-сакратар галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Беларусі Уладзімір Макараў у час прэс-канферэнцыі ў БЕЛТА.
"5-я асобная брыгада - адно з лепшых злучэнняў ва Узброеных Сілах Беларусі. Яна прадставіць сілы спецыяльных аперацый нашых УС", - заўважыў Уладзімір Макараў.
У Мінску ў парадзе 9 мая прымуць удзел больш як 5 тыс. ваеннаслужачых і амаль 250 адзінак баявой тэхнікі ў складзе 19 пешых і 24 парадных разлікаў сучаснай ваеннай тэхнікі.
Плануецца, што ў парадзе прымуць удзел курсанты Ваеннай акадэміі Беларусі, ваенна-тэхнічнага факультэта БНТУ, ваеннаслужачыя 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады, 38-й і 103-й асобных гвардзейскіх мабільных брыгад, 86-й і 85-й брыгады сувязі, 56-га, 60-га, 74-га асобных палкоў сувязі, зводнай роты ганаровай варты; зводны аркестр Узброеных Сіл Беларусі, парадныя разлікі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, унутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях; ваеннаслужачыя расійскіх узброеных сіл.
"У 22.00 9 мая спланаваны святочны салют трыццаццю залпамі ў Мінску, у Брэсцкай крэпасці, Віцебску, Гомелі, Гродне і Магілёве. Загад аб салюце будзе апублікаваны на наступным тыдні", - дадаў прэс-сакратар галоўнага ўпраўлення.