4 красавіка, Полацк /Алёна Ціханава - БЕЛТА/. Міжнародны тэлевізійны праект "Францыск Скарына на мовах народаў свету" рэалізуюць да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Аб гэтым паведаміла журналістам міністр інфармацыі Лілія Ананіч, пад старшынствам якой 4 красавіка прайшло пасяджэнне рабочай групы па падрыхтоўцы і правядзенні свята ў Полацку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"На Дні беларускага пісьменства актыўна будуць працаваць СМІ. З Белтэлерадыёкампаніяй цяпер абмяркоўваем міжнародны тэлевізійны праект "Францыск Скарына на мовах народаў свету". Як вядома, прадмова Францыска Скарыны да кнігі "Юдзіф" перакладзена на 70 моў свету. Хочам з дапамогай тэлебачання з гэтай прадмовай пабываць у розных краінах. Каб гэтыя словы Скарыны гучалі з вуснаў носьбітаў французскай, італьянскай, кітайскай і ўсіх тых моў, на якія перакладзена ўжо прадмова Скарыны. Думаю, што гэта не застанецца без увагі нашай грамадскасці і міжнароднай супольнасці", - расказала Лілія Ананіч.
Яна падкрэсліла, што ў Полацку на Дні беларускага пісьменства новымі фарбамі напоўніцца такое традыцыйнае мерапрыемства, як кніжная выстаўка. "Тут дзейнічае музей беларускага кнігадрукавання. Штогод у Полацк мы перадаём лепшыя ўзоры нацыянальнай кнігавыдавецкай справы. Кнігі - лаўрэаты нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнiгi" папоўняць полацкі музей пасля таго, як пападарожнічаюць па міжнародных кніжных выстаўках, пабываюць у Варшаве, Санкт-Пецярбургу, Маскве, Бялградзе, Пекіне і інш.", - адзначыла міністр.
Гаворачы аб тэрмінах падрыхтоўкі да святкавання Дня беларускага пісьменства ў Полацку, Лілія Ананіч падкрэсліла, што ў пачатку мая павінны быць гатовы сцэнарыі ўсіх мерапрыемстваў. "Трэба запрашаць артыстаў, пачынаць рэпетыцыі. Таму што свята - гэта не проста зборка лепшых творчых сіл, а цэльная тэматычная праграма і мастацка-гістарычнае дзейства", - дадала міністр.
На пасяджэнні ў Полацку падрабязна разглядаліся пытанні падрыхтоўкі Дня пісьменства, выказваліся прапановы, удзельнікі пабывалі на асноўных пляцоўках будучага свята.