5 чэрвеня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Масква падключылася да святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Сёння ў Дзелавым і культурным комплексе пасольства Беларусі ў Расіі адбыўся круглы стол "Дыпламатыя слова: 500-годдзе беларускага кнігадрукавання ў кантэксце сусветнай культуры", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе дыппрадстаўніцтва.
Міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч адзначыла, што мерапрыемства прымеркавана да ўдзелу беларускіх кнігавыдаўцоў у маскоўскім кніжным фестывалі "Красная плошча". "Тое, што ў цэнтры расійскай сталіцы каля Крамля прадстаўлена беларуская кніга, - сімвалічны, важны і добры знак, - сказала яна. - Вынікам удзелу павінна стаць далейшае пашырэнне, умацаванне гуманітарнай прасторы Беларусі".
Лілія Ананіч нагадала, што 2017 год праходзіць пад знакам Францыска Скарыны: у гэтым годзе адзначаецца 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. Першая кніга, выдадзеная на беларускай мове 6 жніўня 1517 года, - "Псалтыр" Францыска Скарыны. Гэта дата і лічыцца пачаткам беларускага кнігадрукавання.
На круглым стале міністр расказала, як у Беларусі шануюць памяць першадрукара. А міжнароднае прызнанне яго спадчыны пацверджана рашэннем ЮНЕСКА: 500-гадовы юбілей беларускага кнігадрукавання ўключаны ў каляндар памятных дат.
"У дзейнасці вялікага гуманіста яскрава праявіліся асветніцкія і дэмакратычныя тэндэнцыі эпохі Адраджэння, культурныя сувязі з замежжам, - сказала Лілія Ананіч. - Прэзентацыі кніг, прысвечаных Скарыну, шырока праходзяць у гэтым годзе і за мяжой: у Літве, Чэхіі, Польшчы, Расіі, Кітаі, Сербіі, іншых краінах. І сёння кніга, супрацоўніцтва літаратараў з'яўляюцца важнейшым гуманітарным мостам дружбы".
За круглым сталом адбылася зацікаўленая размова аб ролі літаратуры ў захаванні ўзаемаразумення і братэрскага суіснавання народаў СНД, традыцыях дружбы пісьменнікаў на постсавецкай прасторы, удасканаленні механізмаў супрацоўніцтва ў галіне культуры, развіцці беларускага кнігадрукавання ў кантэксце сусветнай гісторыі. Гаварылі таксама аб перакладзе твораў Францыска Скарыны на мовы дзяржаў Садружнасці, захаванні яго спадчыны.
Спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта Расіі па міжнародным культурным супрацоўніцтве Міхаіл Швыдкой звярнуў увагу на неабходнасць шырэй прапагандаваць беларускую літаратуру і яе выдатных класікаў як у Расіі, так і ў краінах СНД. Ён прапанаваў актыўней стымуляваць пераклады беларускай літаратуры, садзейнічаць наладжванню супрацоўніцтва паміж выдаўцамі і кнігараспаўсюджвальнікамі Беларусі, Расіі і іншых краін СНД.
Шэраг канструктыўных ідэй па супрацоўніцтве агучылі першы намеснік галоўнага рэдактара часопіса "Наш современник" Аляксандр Казінцаў, дырэктар выдавецтва "Мастацкая літаратура" Аляксандр Бадак, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах, загадчык аддзела міжнародных сувязей Інстытута сусветнай літаратуры Расійскай акадэміі навук Казбек Султанаў, старшыня Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Расіі Сяргей Кандыбовіч, шэф-рэдактар газеты "Союз. Беларусь-Россия" Вольга Герасіменка, намеснік начальніка ўпраўлення перыядычнага друку Федэральнага агенцтва па друку і масавых камунікацыях Расіі Генадзь Кудзій.
Больш падрабязна пра работу пасольства Беларусі ў Расіі па папулярызацыі беларускай літаратуры і мастацтва расказала саветнік дыппрадстаўніцтва Наталля Вашчыла. Яна паведаміла, што ў верасні на пляцоўцы Дзелавога і культурнага комплексу пасольства пройдуць мерапрыемствы, прысвечаныя Францыску Скарыну: выстаўка "Кніжная спадчына Скарыны" Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і прэм'ерны спектакль "Скарына" Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра.
Мадэратар мерапрыемства намеснік міністра інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч, падводзячы яго вынікі, адзначыў, што праведзеная размова, сустрэчы літаратараў Беларусі і Расіі, а таксама іншых краін Садружнасці знойдуць свой працяг у новых выдавецкіх праектах, перакладах, якія ўзбагачаюць нацыянальныя літаратуры.
Арганізатарамі круглага стала выступілі Міністэрства інфармацыі Беларусі, Саюз пісьменнікаў Беларусі, выдавецкі дом "Звязда" пры падтрымцы пасольства Беларусі ў Расіі.