3 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. "Малая падарожная кніжыца" Францыска Скарыны (1522 г., Вільня) у маі адправіцца ў падарожжа па Еўропе, а сёння міжнародны выставачны праект "Дарогамі Скарыны з Белгазпрамбанкам" прэзентавалі ў Мінску ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як расказаў старшыня праўлення Белгазпрамбанка Віктар Бабарыка, ідэя праекта заключаецца ў прадстаўленні спадчыны Скарыны ў краінах, з якімі было звязана жыццё першадрукара. Міжнародны праект стартуе ў маі ў Літве, а затым накіруецца ў Польшчу, Чэхію, Італію. Завершыцца "тур па Еўропе" ў Беларусі, дзе выставачны праект будзе прадстаўлены ў дні святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ў Полацку.
Цэнтральным экспанентам выставачнага праекта стане "Малая падарожная кніжыца" з карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка. Гэта збор прызначаных для падарожнікаў царкоўных кніг невялікага фармату: "Псалтыр", "Часасловец", "Шасцідневец", "Саборнік", акафісты, каноны. У адным пераплёце 18 кніг, упрыгожаных унікальнымі гравюрамі, застаўкамі і ініцыяламі, 9 з якіх маюць пасляслоўе самога Скарыны. Менавіта гэту кнігу эксперты лічаць першай кнігай, выдадзенай у Вялікім Княстве Літоўскім. Сёння гэта адзіны экзэмпляр кнігі ў Беларусі.
Паводле слоў Віктара Бабарыкі, весці размову аб кошце рарытэта, калі размова ідзе аб такім выданні, як "Малая падарожная кніжыца", не зусім этычна, паколькі такія рэчы застаюцца за дужкамі інфармацыі, што прадастаўляецца для грамадскасці. Разам з тым Віктар Бабарыка аджартаваўся, што Скарына цяпер у цане, і прыкладна назваў суму, прапанаваўшы памножыць кошт звычайнай кнігі на 18.
Расказваючы аб перагаворах з уладальнікам збору царкоўных кніг невялікага фармату, прызначаных для падарожнікаў, Віктар Бабарыка адзначыў, што банк падключыўся да перагаворнага працэсу два гады таму. Вялікую ролю ў станоўчым вырашэнні пытання адыграла тое, што былы ўладальнік рарытэта, беларус, з хваляваннем ставіцца да сваёй радзімы. Акрамя таго, памятная дата - 500-годдзе беларускага кнігадрукавання - падштурхнула калекцыянера на хутчэйшы пошук кампрамісу, і з яго боку гэта было вялікім падарункам, адзначыў Віктар Бабарыка. Гісторыя, як знайшлі кнігу, - прадмет асобнага расследавання пісьменнікаў-дэтэктываў, пажартаваў старшыня праўлення Белгазпрамбанка. У Мінску даведаліся аб яе месцазнаходжанні ў цэнтры Расіі, мяркуецца, што першапачаткова яна знаходзілася ў Сібіры.
Паводле слоў дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Рамана Матульскага, набыццё Белгазпрамбанкам "Малой падарожнай кніжыцы" ў калекцыю ставіць Беларусь на трэцюю пазіцыю па колькасці арыгінальнай спадчыны Скарыны. Найбольшая колькасць кніг сёння ў Расіі, а ўсяго вядома аб наяўнасці 520 арыгіналаў Францыска Скарыны ў свеце.
Дырэктар НББ падкрэсліў, што прысутнасць выдання ў карпаратыўнай калекцыі не выклікае ніякіх складанасцей для яго экспанавання, гледачы маюць магчымасць знаёміцца з ім. Важны факт, што гэта ўласнасць Беларусі, сказаў ён.
Экспазіцыю міжнароднага выставачнага праекта дапоўніць "Кніга Іова" Францыска Скарыны (1517 г., Прага) з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Убачыць каштоўныя шэдэўры ў Мінску можна будзе на выстаўцы "Францыск Скарына і яго эпоха" ў НББ.
Акрамя таго, экспазіцыя выставачнага праекта будзе дапаўняцца прымаючым бокам. У прыватнасці, у Чэхіі плануецца прадстаўленне дзвюх кніг Францыска Скарыны. Міжнародны выставачны праект прадугледжвае таксама арганізацыю канферэнцый, лекцый, сустрэч.
Цікавасць для наведвальнікаў выстаўкі будзе ўяўляць візіт у віртуальную майстэрню першадрукара. Акрамя таго, госці змогуць убачыць дакументальны фільм "Дарогамі Скарыны", які плануецца дэманстраваць з субтытрамі на мове краіны знаходжання.