2 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Лічбавыя копіі выданняў Францыска Скарыны перадасць у дар Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі Брытанская бібліятэка, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара НББ Алесь Суша.
Такое рашэнне агучыў дырэктар Брытанскай бібліятэкі Роўлі Кітынг на сустрэчы з дырэктарам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раманам Матульскім у Лондане.
Як расказаў Алесь Суша, які таксама прысутнічаў на гэтай сустрэчы, Брытанская бібліятэка ўпершыню стала арганізатарам мерапрыемства з удзелам беларусаў: ім стала святочная акцыя да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. У буйнейшай бібліятэцы Еўропы 27 лютага адбылося падпісанне мемарандума аб узаемаразуменні паміж Брытанскай бібліятэкай і Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, юбілейная канферэнцыя, прэзентацыя факсімільнага перавыдання кніжнай спадчыны Францыска Скарыны і яго перадача Брытанскай бібліятэцы, знаёмства з беларускімі ўнікальнымі выданнямі са збораў багатай бібліятэкі Вялікабрытаніі.
Яшчэ адной важнай падзеяй дня стала канферэнцыя, прымеркаваная да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, у якой прынялі ўдзел гісторыкі-славісты, супрацоўнікі дзвюх бібліятэк, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, шырокай грамадскасці і СМІ. У час канферэнцыі адбылася ўрачыстая перадача факсімільнага выдання кніжнай спадчыны Францыска Скарыны Брытанскай бібліятэцы, якая з'яўляецца захавальніцай некалькіх каштоўных пражскіх і віленскіх выданняў беларускага першадрукара. У сваю чаргу дырэктар Брытанскай бібліятэкі Роўлі Кітынг паабяцаў перадаць беларускаму боку якасныя лічбавыя копіі гэтых выданняў Францыска Скарыны ў дар Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.