21 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзеючая копія друкарскага станка папоўніць экспазіцыю Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі, паведамілі БЕЛТА ў музеі.
У юбілейны год кнігадрукавання музей прадставіць дакладную дзеючую копію друкарскага станка Гутэнберга, з'яўленне якога змяніла свет і свядомасць людзей, адкрыла ім шлях да самаўдасканалення і самаадукацыі.
Таксама шырокай грамадскасці будзе прадстаўлены ўнікальны высокатэхналагічны макет Бібліі Францыска Скарыны, створанай першадрукаром у Празе ў 1517 годзе. Памер макета - 1800х1400 см. Пры дапамозе сучасных тэхналогій прачытаць старонкі кнігі можна, гартаючы іх рухамі рук у паветры. Для стварэння макета Дзяржаўным гістарычным музеем Расіі былі прадастаўлены сканы старонак арыгінальнага тэксту.
Дзякуючы асветніку і першадрукару Францыску Скарыну кніга стала даступнай шырокім масам, а беларускае кнігавыданне ўзбагаціла не толькі еўрапейскую, але і сусветную культуру. Яго выданні вызначаліся высокай якасцю, выкарыстаннем гравюр і арыгінальных шрыфтоў. Кожнае з іх стала жамчужынай сусветнай культурнай спадчыны.
Дзеючая копія друкарскага станка выраблена мастаком Юрыем Сухавым на Мастацкім камбінаце.