26 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дакументальны фільм беларускіх кінематаграфістаў "Першадрук" адкрыў Дні беларускага кіно ў Роўне (Украіна), паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм".
Дакументальны фільм "Першадрук" рэжысёра Ігара Чышчэні, прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, 25 верасня на адкрыцці мерапрыемства прадставіў кінематаграфіст і прадзюсар, начальнік аддзела маркетынгу, рэалізацыі і рэкламы кінастудыі Юрый Ігруша.
"Дзякуючы кіно, людзі з розных краін, якія жывуць на розных кантынентах, абсалютна розных поглядаў, з рознымі ідэаламі і паняццямі, лепш пазнаюць і разумеюць адзін аднаго. А нашы краіны да таго ж аб'яднаны агульнай шматгадовай гісторыяй, агульнымі традыцыямі, мінулым і сучасным. І дзякуючы кіно, дзякуючы такім мерапрыемствам у сферы культуры, мы можам стаць яшчэ бліжэйшымі", - адзначыў ён.
Дні беларускага кіно сталі часткай пазаконкурснай праграмы II Ровенскага міжнароднага кінафестывалю "Горад мары" ("Місто мріі"). Прадоўжацца яны да 29 верасня.
Усяго ў час Дзён беларускага кіно будзе паказана восем дакументальных, дзесяць анімацыйных і дзве мастацкія стужкі. Сярод карцін, якія ўбачаць украінскія гледачы, дакументальны фільм "Фауст Радзівіла" рэжысёра Настассі Мірашнічэнка, мастацкі - "Салодкае развітанне Веры" рэжысёра Аляксандры Бутар, дзе здымаўся вядомы літоўскі акцёр Юозас Будрайціс. У Дні беларускага кіно таксама адбудзецца і прэм'ерны паказ маладзёжнага кінаальманаха "Мы" рэжысёраў-дэбютантаў.