31 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Арыгінал "Малой падарожнай кніжкі" Францыска Скарыны ўбачаць госці Дня беларускага пісьменства ў Полацку, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе ААТ "Белгазпрамбанк".
Міжнародны выставачны праект "Дарогамі Скарыны з Белгазпрамбанкам" будзе экспанавацца ў Музеі беларускага кнігадрукавання з 1 верасня. Галоўны экспанат выстаўкі - арыгінал "Малой падарожнай кніжкі" (выдадзена каля 1522 г. у Вільні), які папоўніў карпаратыўную калекцыю Белгазпрамбанка.
Экспазіцыю дапоўніць дакументальны фільм Алега Лукашэвіча "Францыск Скарына. Чалавек свету", зняты спецыяльна для праекта. Вычарпальную інфармацыю пра жыццёвы шлях першадрукара можна будзе атрымаць у спецыяльным інфакіёску. Асаблівае месца ў экспазіцыі зойме таксама падарожжа ў майстэрню Скарыны пры дапамозе шлема віртуальнай рэальнасці. Мадэллю для стварэння віртуальнай майстэрні паслужыла рэканструяваная друкарня XVII-XVIII стагоддзяў, якая знаходзіцца ў Музеі беларускага кнігадрукавання.
Выстаўка будзе працаваць па 10 верасня.
Міжнародны выставачны праект "Дарогамі Скарыны з Белгазпрамбанкам", які прымеркаваны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, праходзіць у гарадах, звязаных з жыццёвым шляхам беларускага і ўсходнеславянскага першадрукара Францыска Скарыны. Зыходным пунктам турнэ стаў Вільнюс, дзе выстаўка працавала з 4 мая па 4 чэрвеня 2017 года ў Нацыянальным музеі "Палац вялікіх князёў літоўскіх". Пасля дэманстрацыі ў Полацку экспазіцыя адправіцца ў Калінінград (Кёнігсберг), дзе ў 1529-1530 гадах Скарына жыў па запрашэнні прускага герцага Альбрэхта Брадэнбургскага.
Паводле слоў старшыні праўлення Белгазпрамбанка Віктара Бабарыкі, шырокая геаграфія праекта прызначана прадэманстраваць адзінства беларускай і еўрапейскай культур, якое прайшло скрозь стагоддзі.-0-