5 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пастаўленыя Беларуссю на абмеркаванне ў час 26-й летняй сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ пытанні - самыя злабадзённыя. Аб гэтым заявіў 5 ліпеня генеральны сакратар ПА АБСЕ Раберта Мантэла ў час нефармальнай сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Тэматыка, якую Беларусь паставіла ў аснову для абмеркавання ў нашай арганізацыі, сёння самая злабадзённая - стабільнасць і бяспека ў рэгіёне. Гэта нагадвае тыя асноўныя задачы, якія ставяцца кіраўніцтвам нашай арганізацыі па падтрыманні і выбудоўванні даверных адносін паміж усімі краінамі-членамі. Мы ўсё часцей прыходзім да высновы, што няма адзінай формулы па выбудоўванні, фарміраванні даверу", - сказаў Раберта Мантэла.
Паводле яго слоў, краінам для пачатку добра было б азадачыцца пытаннем выказвання даверу і павагі адзін аднаму, і, вядома ж, пазбягаць двайных стандартаў. "Даверныя адносіны - гэта самае важнае. Яны павінны ярка дэманстравацца ва ўсіх сітуацыях", - падкрэсліў генеральны сакратар ПА АБСЕ.