20 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Усе спартсмены нацыянальнай каманды Беларусі па боксе нацэлены на медалі II Еўрапейскіх гульняў. Аб гэтым заявіў сёння журналістам галоўны трэнер зборнай Валерый Карнілаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Усе спартсмены, якія трапілі ў склад на II Еўрапейскія гульні, прайшлі дзясяткі міжнародных турніраў і вучэбна-трэніровачных збораў, сваімі кулакамі заваявалі права ўдзельнічаць у мультыспартыўным форуме. Атлеты гатовы і хочуць паказаць свой максімальны ўзровень майстэрства на дамашнім рынгу, - падкрэсліў Валерый Карнілаў. - Што датычыцца медальных прагнозаў, мы агучваем іх у Міністэрстве спорту і турызму, але гаварыць - гэта адно. Усе спартсмены нацэлены на ўзнагароды, і відавочных лідараў тут няма".
Выканаўчы дырэктар Беларускай федэрацыі бокса Наталля Калеснікава выказала надзею, што нашы баксёры пакажуць на II Еўрапейскіх гульнях свае лепшыя вынікі. Паводле яе слоў, выдатнае выступленне беларускай каманды будзе садзейнічаць большай папулярызацыі бокса ў рэспубліцы.
Спартсмен нацыянальнай каманды Мікалай Шах у сваю чаргу адзначыў, што ў яго жыцці II Еўрапейскія гульні - гэта вельмі адказны і важны старт. "Буду старацца заваяваць медаль, нягледзячы на высокую канкурэнцыю", - дадаў ён.
Бокс уваходзіць у праграму II Еўрапейскіх гульняў. Спаборніцтвы будуць праходзіць у сталічным палацы спорту "Уручча" з 21 па 30 чэрвеня, 316 спартсменаў (мужчыны і жанчыны) разыграюць 15 камплектаў медалёў.