25 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларус Уладзіслаў Ганчароў стаў чэмпіёнам у індывідуальным турніры па скачках на батуце II Еўрапейскіх гульняў, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Паказаўшы лепшы рэзультат у кваліфікацыі, Уладзіслаў Ганчароў і ў фінальным раўндзе выступіў выдатна, атрымаўшы ад суддзяў 60,045 бала. Такім чынам, беларус палепшыў свой рэзультат чатырохгадовай даўнасці - на I Еўрапейскіх гульнях у Баку Уладзіслаў Ганчароў быў сярэбраным прызёрам у гэтым відзе праграмы. Сёння ўладальнікам серабра стаў расіянін Міхаіл Мельнік (59,435), бронзу заваяваў партугальскі спартсмен Дзіёга Ганчынью (58,660).
Да гэтага жонка Уладзіслава Ганна Ганчарова ў дуэце з Марыяй Махарынскай таксама паднялася на вышэйшую прыступку гонару, выйграўшы спаборніцтвы па сінхронных скачках. У першы дзень спаборніцтваў па скачках на батуце Ганна Ганчарова заваявала бронзу ў індывідуальных скачках, паўтарыўшы свой рэзультат на I Еўрапейскіх гульнях у сталіцы Азербайджана.
26 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў члена нацыянальнай каманды па скачках на батуце Уладзіслава Ганчарова з заваяваннем залатога медаля ІІ Еўрапейскіх гульняў. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
"Ты чарговы раз пераканаўча пацвердзіў званне сусветнага лідара ў скачках на батуце. Ярка і бездакорна выканаў у фінале кожны элемент складанай праграмы", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка пажадаў Уладзіславу Ганчарову не спыняцца на дасягнутым і прадаўжаць радаваць шматлікіх беларускіх балельшчыкаў сваімі поспехамі.