13 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У склад зборнай Беларусі на II Еўрапейскіх гульнях увайшоў 221 атлет. Аб гэтым паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі, прысвечанай удзелу беларускай дэлегацыі на маючым адбыцца спартыўным форуме, шэф місіі, першы намеснік міністра спорту і турызму Беларусі Вячаслаў Дурноў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У склад беларускай каманды ўвайшоў 221 атлет, 149 трэнераў, восем чалавек - у адміністрацыйнай групе, сем спецыялістаў - у медыцынскай. Не стаў бы вылучаць нікога з беларускай каманды, разлічваем на ўсіх. Беларусы будуць выступаць перад роднымі трыбунамі, што павінна матываваць іх. Задача кіраўніком дзяржавы была агучана раней: неабходна заваяваць медалёў не менш, чым на Еўрапейскіх гульнях у Баку: у сталіцы Азербайджана ў скарбонцы беларускай зборнай было 43 узнагароды, з якіх 10 залатых. Аналіз выступлення атлетаў за апошнія два гады паказаў, што як мінімум у 10 відах спорту мы маем рэальныя шанцы на поспех. На спартыўным форуме ў Мінску мы будзем клапаціцца і пра якасць узнагарод", - сказаў Вячаслаў Дурноў.
Шэф місіі падкрэсліў, што канкурэнцыя будзе даволі сур'ёзная, у Мінску збяруцца многія вядучыя атлеты.
Адказныя задачы стаяць перад медыцынскай групай, вялікая работа праведзена Нацыянальным антыдопінгавым агенцтвам. "Падрыхтоўка да Еўрапейскіх гульняў праведзена грунтоўная. У Вёсцы атлетаў забяспечаны належны кантроль за харчаваннем, тое ж датычыцца медыцынскіх прэпаратаў. Калі ўзнікне неабходнасць прымяніць рэчыва, у якім ёсць забароненыя субстанцыі, то такі прэпарат абавязкова прамаркіраваны, існуе спецыяльная працэдура яго прымянення", - расказаў дырэктар НАДА Дзяніс Мужухін.
Талісманам беларускай каманды на II Еўрапейскіх гульнях выступіць Агрык, добра знаёмы беларускім атлетам па іншых значных міжнародных стартах.
У праграме II Еўрапейскіх гульняў будуць праведзены спаборніцтвы па 15 відах спорту, у васьмі з іх спаборніцтвы стануць кваліфікацыйнымі да XXXII Алімпійскіх гульняў 2020 года ў Токіа (Японія). На мультыспартыўным форуме ў Мінску спаборніцтвы па боксе і дзюдо пройдуць у статусе чэмпіянатаў Еўропы. Усяго будзе задзейнічана 12 спартыўных аб'ектаў, уключаючы буйнейшыя - нацыянальны алімпійскі стадыён "Дынама", "Мінск-Арэну", "Чыжоўка-Арэну", Палац спорту. Больш як 4 тыс. спартсменаў з 50 краін разыграюць 200 комплектаў узнагарод.